26 чэрвеня ў прыватнай капліцы біскупа Гродзенскага ў курыі трое дыяканаў, выпуснікі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, урачыста прынеслі сведчанне веры, патрэбнае перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння. Гэта апошні этап падрыхтоўкі да прэзбітэрскага пасвячэння.
Згодна з прадпісаннямі кананічнага права, перад прыняццем пасвячэння кандыдат павінен даць і падпісаць вызнанне веры, асабістую дэкларацыю аб сваёй свабодзе ў прыняцці пасвячэння і аб усведамленні абавязкаў і патрабаванняў, якія ўскладаюцца на яго праз пасвячэнне на ўсё жыццё.
Звяртаючыся да дыяканаў, якія на наступны дзень прымуць прэзбітэрскае пасвячэнне ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што святарства павінна быць служэннем чалавеку, асабліва таму, якому патрэбна падтрымка – канкрэтным словам і ўчынкам.
Іерарх пажадаў, каб кандыдаты кожны дзень з вялікай руплівасцю прымалі гэтае заданне – служыць братам і сёстрам, да якіх у хуткім часе будуць пасланы.
Дыяканы рыхтаваліся да прыняцця прэзбітэрату праз пяцідзённыя рэкалекцыі, якія праводзіў духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла.
Даручаем дыяканаў Божай міласэрнасці і будзем прасіць аб патрэбных ласках для іх, каб сакрамэнтальная ласка Пана як мага глыбей пранікла ў іх сэрцы і думкі, каб яны, яднаючыся з Езусам, Найвышэйшым i Вечным Святаром, споўнілі да канца місію, якую сам Бог ім даверыў.
Кс. Юрый Марціновіч