21 чэрвеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пачаліся рэкалекцыі перад прэзбітэрскім пасвячэннем. У іх удзельнічаюць трое дыяканаў, выпускнікі нашай семінарыі, якія прымуць пасвячэнне.
Новымі прэзбітэрамі дыяцэзіі стануць дыяканы Яўген Амасёнак, Андрэй Струкель, Томаш Мікалайчык.
Рэкалекцыі праводзіць кс. Ян Сарэла, духоўны айцец семінарыі ў Гродне, які рыхтуе дыяканаў да гэтай вялікай падзеі ў іх жыцці.
Падчас духоўных практыкаванняў, якія працягнуцца да 26 чэрвеня, будучыя прэзбітэры разважаюць аб сваім пакліканні, а таксама ў цішыні і засяроджанасці рыхтуюцца да служэння на ніве Пана.
Традыцыйна іх наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які 23 чэрвеня паразмаўляў з кожным асабіста і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
Пасвячэнне ўдзеліць 27 чэрвеня біскуп Кашкевіч у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Пачатак святой Імшы ў 12.00.
У Каталіцкім Касцёле існуе трывалая традыцыя, згодна з якой кандыдаты да прыняцця пасвячэння да аднаго з трох узроўняў святарства (дыяканату, прэзбітэрату або біскупства) непасрэдна перад пасвячэннем павінны ўдзельнічаць у спецыяльных духоўных практыкаваннях.
Аточым сваімі малітвамі дыяканаў, каб яны маглі як мага лепш падрыхтавацца да служэння ў Касцёле, a з прыняццем пасвячэння – служыць з вялікім запалам людзям і Богу.
Кс. Юрый Марціновіч