17 чэрвеня пробашч лідскай парафіі Святой Сям’і кс. канонік Юзаф Ганьчыц адзначыў 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.
Юбіляр узначаліў Імшу падзякі ў парафіяльнай святыні, якая паўстала ў Лідзе дзякуючы яго старанням. Ён з’яўляецца першым пробашчам гэтай парафіі. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне і госці з іншых месцаў, каб атачыць малітвамі кс. Ганьчыца і дзякаваць Богу за ўсе дары і ласкі, якія атрымалі праз яго пастырскае служэнне.
Гамілію прамовіў кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя Пана Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат). Ён разважаў у ёй над таямніцай святарства.
На заканчэнне Эўхарыстыі ў адрас юбіляра прагучала шмат цёплых слоў ад яго парафіян, якія падкрэслілі, што за ўсе гады служэння ён стварыў у парафіі атмасферу сапраўднай сям’і, дзе кожны можа адчуваць сябе патрэбным і любімым.
Ксёндз канонік Ганьчыц, дзякуючы за цеплыню, якую атрымаў і працягвае атрымліваць у Лідзе, запэўніў усіх даручаных яго апецы, што ўдзячны Пану за кожнага і падтрымлівае іх сваімі малітвамі.
Ксёндз Юзаф Ганьчыц атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
У гэты дзень іерарх удзяліў пасвячэнне двум першым выпускнікам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Другім з пасвячаных стаў сённяшні дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вадзім Прaкaрым, Максім Хаванскі