14 чэрвеня, у нядзелю Усіх святых беларускага народу, вернікі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне традыцыйна ўшанавалі памяць благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.
Ушанаванне памяці мясцовых пакутнікаў за веру, у тым ліку благаслаўлёнай Марʼяны Бярнацкай, беларускія грэка-католікі здзяйсняюць з 2013 года, а дагэтуль далучаліся да агульнакаталіцкага дня памяці, які праводзіўся ў ліпені на месцы яе смерці ў форце №2 каля вёскі Навумавічы.
У гэты дзень невялікая група вернікаў са сваім пробашчам а. Андрэем Кротам, дэканам Заходняга дэканату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, наведала месца мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны і памалілася там.
Па дарозе парафіяне пабывалі на малітве ў касцёле ў Адамавічах каля цудатворнага абраза Маці Божай, дзе ў свой час маліліся таксама іх продкі-ўніяты ў часы пераследу.
Кс. Юрый Марціновіч