7 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, кс. Віталій Венцкевіч SCJ цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў сваёй роднай парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Прэзбітэрскае пасвячэнне ён прыняў 16 мая, ва ўспамін святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка, у капліцы Вышэйшай місійнай семінарыі ксяндзоў сэрцанаў у Стадніках (Польшча).
Усіх прысутных у святыні, у першую чаргу новапрэзбітэра, прывітаў пробашч парафіі кс. Ян Этэль SCJ.
На Эўхарыстыі сабралася парафіяльная супольнасць, бацькі маладога святара, яго родныя і блізкія. Сваю першую Імшу на алтары роднай парафіі кс. Віталій цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто прычыніўся да распазнання ім свайго паклікання да святарства. Асаблівай малітвай ён агарнуў сваіх бацькоў і блізкіх, якія стварылі ў доме адпаведную атмасферу веры, дзякуючы чаму двое сыноў у гэтай сям’і пайшлі за голасам Хрыста.
З гэтай нагоды Імшу разам з прыміцыянтам канцэлебраваў і прамовіў гамілію яго родны брат кс. Аляксей Венцкевіч SCJ, які служыць у гэтай парафіі. У гаміліі святар узгадаў свой родны дом, які быў для яго школай веры і любові да Бога і бліжняга. Таксама ён успомніў цікавыя моманты з дзяцінства, агульныя для іх з братам.
На заканчэнне Эўхарыстыі кс. Віталій выказаў словы ўдзячнасці бацькам, родным, святарам і парафіянам. Ён падкрэсліў, што вера перадаецца ў сем’ях, таму кожная сям’я павінна быць моцная Богам і павінна быць цэнтрам духоўнай фармацыі.
Затым новапрэзбітэр удзяліў усім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч