Skip to main content

Салезіяне Смаргоні адзначылі ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў

maryja uspamogi 3624 мая салезіяне Смаргоні адзначыла ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. Менавіта Марыю Успамогу хрысціянаў выбраў святы ксёндз Боско галоўнай апякункай усіх галін Салезіянскай сям’і: ксяндзоў салезіянаў, сясцёр законных – дачок Марыі Успамогі, салезіянаў-супрацоўнікаў, членаў асацыяцыі ADMA.

У парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні служаць ксяндзы салезіяне, сёстры салезіянкі, дзейнічаюць салезіяне-супрацоўнікі і Асацыяцыя Марыі Успамогі Хрысціянаў. Салезіянская сям’я адчувае сябе Марыйнай сям’ёй, таму прадстаўнікі ўсіх салезіянскіх груп Смаргоні з вялікай удзячнасцю сабраліся на Эўхарыстыі.

maryja uspamogi 22

Урачыстасці папярэднічала навэнна. Члены Салезіянскай сям’і Беларусі рыхтаваліся на працягу дзевяці дзён, прымаючы ўдзел у супольнай малітве да Марыі Успамогі, якую арганізавалі анлайн члены асацыяцыі ADMA з парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Кожны дзень вернікі, якія не мелі магчымасці маліцца ў святыні, маліліся дома дзякуючы відэаролікам, размешчаным у інтэрнэце. Так незвычайна Марыя выкарыстала зусім неспрыяльныя ўмовы для аб’яднання сваіх паслядоўнікаў.

Святочную Імшу ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні цэлебраваў кс. Артур Ляшнеўскі SDB. У гаміліі ён растлумачыў вернікам значэнне тытулу Успамога Хрысціянаў. Таксама святар прыгадаў далёкія часы Сярэднявечча, калі Марыя выратавала Еўропу ад мусульманскага нашэсця, і больш блізкія падзеі ХІХ ст., калі Яна выратавала Папу ад здзекаў імператара Напалеона.

Але не толькі знакамітыя людзі атрымлівалі дапамогу ад Маці Божай, да якой звярталіся са словамі: “Марыя Успамога, маліся за нас!” Бедныя хлопцы святога ксяндза Боско таксама адчулі Яе абарону і суцяшэнне. Дзякуючы гаміліі кс. Артура вернікі XXI стагоддзя мелі магчымасць рэальна ўявіць, як некалькі стагоддзяў таму простыя людзі на дзвярах сваіх дамоў выразалі гэтыя словы.

У гэты дзень члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў традыцыйна аднавілі свае абяцанні асаблівай формы хрысціянскага і грамадскага жыцця, прысвечанага Марыі Успамозе, і ў знак падзякі за прыналежнасць да асацыяцыі і дапамогу Маці Божай усклалі перад Ёй кветкі.

Усе салезіяне ў гэты дзень сведчылі аб Яе мацярынскім клопаце, таму ў кожным салезіянскім касцёле, араторыі, сям’і гучалі акты аддання Марыі Успамозе. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, с. Ірына Барцэвіч FMA, с. Вераніка Блізнюк FMA, с. Валянціна Кот FMA і с. Юлія Клявец FMA аддалі сябе пад апеку Марыі Успамогі Хрысціянаў і, ускладаючы ружы да Яе ног, сведчылі аб гатоўнасці мужна выконваць тую місію, да якой былі пакліканы ксяндзом Боско і Маці Божай.

Наталля Субко

 

Беларусь, вернікі, Маці Божая, Гродзенская дыяцэзія, малітва, салезіяне, Смаргонь