У апошнія дні сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра непакоючае пашырэнне каранавірусу ў свеце, а таксама ў нашай краіне.
У сувязі з гэтым Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў заклік да ўсіх душпастыраў і вернікаў аб малітве, выкарыстанні ўсялякіх сродкаў бяспекі, а найперш пазбяганні панікі і захаванні спакою.
Іерарх заахвочвае, каб пасля цэнтральных нядзельных і святочных Імшаў спявалася суплікацыя “Святы Божа, Святы моцны, Святы нясмяротны”, каб прасіць міласэрнага Бога аб выбаўленні ад небяспечнай пагрозы каранавірусу.
Старшыня епіскапату просіць маліцца на кожнай святой Імшы падчас малітвы вернікаў у інтэнцыі абароны нашага народа ад гэтай небяспечнай заразнай хваробы, а таксама ў інтэнцыі ўсіх захварэўшых, лекараў і супрацоўнікаў службы аховы здароўя.
Заклік арцыбіскупа прыводзіць catholic.by.
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Свет ахапіла эпідэмія каранавірусу. Заразная і небяспечная хвароба праяўляецца ва ўсё большай колькасці краін свету, у тым ліку і ў Беларусі. Лекары і санітарныя службы робяць усё магчымае, каб яе прадухіліць і як мага хутчэй вылечыць захварэўшых. Пры гэтым яны нават рызыкуюць сваім жыццём.
У той самы час, памятаючы пра словы Хрыста, што без Яго мы нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5), іх ахвярныя высілкі неабходна падмацаваць малітвай.
У сувязі з гэтым звяртаюся да святароў і вернікаў з заклікам на кожнай святой Імшы падчас малітвы вернікаў маліцца ў інтэнцыі абароны нашага народа ад гэтай небяспечнай заразнай хваробы, а таксама ў інтэнцыі ўсіх захварэўшых, лекараў і супрацоўнікаў службы аховы здароўя.
Заахвочваю таксама пасля цэнтральных нядзельных і святочных Імшаў спяваць суплікацыю «Святы Божа, Святы моцны, Святы нясмяротны», каб прасіць міласэрнага Бога аб выбаўленні ад небяспечнай пагрозы каранавірусу.
Адначасова звяртаюся да вернікаў з заклікам захоўваць спакой, выконваць распараджэнні душпастыраў, прадпісанні лекараў і асабліва дбаць пра захаванне адпаведных санітарных нормаў.
Няхай добры і міласэрны Бог праз заступніцтва святога Роха, апекуна і абаронцы ад заразных хваробаў, захавае нас ад эпідэміі каранавірусу і адорыць ласкаю здароўя душы і цела.
З благаслаўленнем
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі