Skip to main content

У гродзенскай парафіі Святога Духа прайшоў кібертурнір для міністрантаў

kiber 6

Нядзеля 23 лістапада, калі адзначалася ўрачыстасць Хрыста Валадару Сусвету, стала ў гродзенскай парафіі Святога Духа днём спалучэння малітвы са спартыўнымі спаборніцтвамі міністрантаў.

Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету з’яўляецца “семінарыйным днём”, калі ў дыяцэзіі здзяйсняецца асаблівая малітва аб пакліканнях да святарскага, манаскага і місіянерскага служэння. Парафію Святога Духа ў гэты дзень наведаў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі. Ён цэлебраваў Імшу, на якой міністранты парафіі выконвалі свае абавязкі пры алтары. Пасля літургіі адбыўся кібертурнір, у межах якога міністранты змагаліся ў дзвюх катэгорыях — віртуальны футбол і аўтагонкі. Турнір праходзіў у сяброўскай, але напружанай атмасферы; кожны матч выклікаў апладысменты і падтрымку прысутных.

kiber 1

Пераможцамі турніру сталі тыя, хто паказаў лепшую камандную гульню і хуткую рэакцыю ў гонках. Галоўныя прызы — футбольныя мячы з подпісамі святароў парафіі і рэктара семінарыі — сталі сімвалічным прызнаннем як спартыўных дасягненняў, так і духоўнай падтрымкі супольнасці.

“На мерапрыемстве панавала цёплая, сямейная атмасфера, – распавёў дыякан Марцін Лудзіч, які служыць у гэтай парафіі. – Міністранты паказалі прыклад адказнасці і супольнасці — спачатку ўдзел у літургіі, потым — сумленныя спаборніцтвы. Роля ксяндза Яна Раманоўскага была асабліва адзначана: ён не толькі благаславіў удзельнікаў, але і падтрымаў ініцыятыву, якая аб’ядноўвае духоўнае і культурнае жыццё парафіі. Гэты дзень у нашай парафіі стаў пацвярджэннем таго, што сучасныя формы адпачынку могуць гарманічна спалучацца з духоўным жыццём. Кібертурнір стаў не толькі забавай, але і спосабам умацаваць сувязі паміж маладымі і старэйшымі парафіянамі, падкрэсліўшы важнасць супольнасці, падтрымкі і сумленнай гульні”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі