Skip to main content

Ва ўрачыстасць Маці Міласэрнасці біскуп Кашкевіч наведаў парафію ў Лядску

liadsk 5

16 лістапада, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначалася ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў парафіі св. Станіслава ў Лядску (Шчучынскі дэканат). У бакавым алтары касцёла гэтай парафіі знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

У літургіі ўдзельнічала вялікая колькасць парафіян на чале з пробашчам кс. Паўлам Гейдройцем.

У гаміліі біскуп адзначыў, што Панна Марыя першай з людзей спазнала ўсемагутнасць і бязмернасць Божай міласэрнасці. Па словах іерарха, урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, якую называюць таксама Маці Міласэрнасці, – нагода падзякаваць Богу за тое, што ў сваім Провідзе Ён прызначыў Панну Марыю быць Маці і Заступніцай для людзей.

Біскуп дадаў, што Марыя, як сапраўдная Маці, радуецца, калі да Яе прыходзяць, і ніколі не адмаўляе ў сваёй дапамозе. Ён нагадаў, што абраз Маці Божай у віленскай Вострай Браме ўжо больш за трыста гадоў прыцягвае мноства пілігрымаў, і заахвоціў удзельнікаў літургіі звяртацца да Маці Міласэрнасці, каб Яна вымаліла для іх ласку моцнай веры і любові да Езуса Хрыста.

Паколькі з моманту заснавання Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991 г. Панна Марыя Вастрабрамская была абрана яе галоўнай Апякункай, на Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае супольнасць дыяцэзіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі