
22 лістапада гродзенскі дыяцэзіяльны хор “Cantate Domino” выступіў у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне са святочным канцэртам. У гэты дзень адзначаецца ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, а таксама гадавіна заснавання хору.
Канцэрту папярэднічала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і іншыя святары.
У гаміліі біскуп Гродзенскі сказаў, што на прыкладзе святой Цэцыліі можна вучыцца таму, “што значыць быць мудрымі, пільнымі, настройваць струны сэрца на голас Бога і жыць у вернасці Яму”. Іерарх нагадаў, што падчас свайго мучаніцтва святая “не спужалася, не страціла мужнасці, а, як кажуць старажытныя крыніцы, “у сэрцы сваім спявала Богу”; “музыка стала не ўпрыгожваннем яе жыцця, а выяўленнем яе душы, у якой была гармонія, чысціня і непахісная вернасць Богу”. “Касцёл бачыць у святой Цэцыліі ўзор для кожнага, хто служыць пры алтары, у касцёльных хорах, у музычных супольнасцях, якія так важныя для Касцёла і для літургіі. Бо музыка ў Касцёле – гэта не проста дадатак. Гэта не ўпрыгожванне. Гэта служэнне Богу. Гэта дар Святога Духа, які адкрывае сэрцы людзей”, – заўважыў біскуп.
Тлумачачы літургічныя чытанні гэтага дня, ён адзначыў, што “мудры чалавек у вачах Божых – гэта той, хто памятае пра Бога, захоўвае веру, жыве адказна і пільна, пакідае месца Святому Духу, не засынае духоўна, ведае, што Жаніх прыходзіць у гадзіну, калі мы не думаем”. “Вашае служэнне – гэта адлюстраванне мудрасці, – сказаў біскуп касцёльным музыкам. – Каб прыгожа спяваць, патрэбна дысцыпліна. Каб гарманічна гучаў хор, патрэбна ўвага, пільнасць, праца, адказнасць. Каб голас і душа былі адкрытыя на Бога, патрэбна малітва, патрэбна евангельская мудрасць. Музыка, якую вы спяваеце, становіцца алеем у лямпе Касцёла, каб асвятляць шлях тым, хто прыйшоў на святую Імшу. (…) Музыка літургіі дапамагае вернікам адкрыць вушы сэрца, каб пачуць Божую пяшчоту, Божы заклік, Божую прысутнасць”.

Кажучы пра тое, што ў мінулым годзе хор “Cantate Domino” адзначыў 25-годдзе, біскуп назваў яго дзейнасць “прыгажосцю, якая вучыць веры, сведчаннем, якое духоўна ўмацоўвае наш народ, служэннем, якое патрабуе часу, ахвяры, дысцыпліны, з’яднання”. Выказваючы хору падзяку, ён дадаў: “У вашым голасе бачная прыгажосць Бога. Вашы спевы – гэта катэхеза, якая навучае веры. Вашы сэрцы – гэта струны, на якіх грае Дух Святы”.
“Вы дапамагаеце вернікам лепш маліцца. Вы адкрываеце брамы сэрца. Вы робіце словы Святога Пісання бліжэйшымі. Вы ствараеце атмасферу святасці”, – сказаў біскуп усім, чыя дзейнасць у дыяцэзіі звязана з музыкай. Ён падкрэсліў, што “музыка можа быць алеем, які запальвае светач у сэрцы чалавека, але, больш за тое, жыццё хрысціяніна павінна стаць гармоніяй, якая прыцягвае да Бога іншых людзей”.
На канцэрце хору прысутнічалі святары, законныя сёстры, аматары касцёльнай музыкі.
“Кожны чалавек мае сваю дарогу да Святла, сваю сцежку да Бога. І Касцёл, абапіраючыся на самыя важныя моманты хрысціянскага жыцця, адкрывае нам просты і верны шлях — дарогу, што вядзе да Божага трону праз усю паўнату духоўнага года. Як у прыродзе змяняюцца поры года, так і ў жыцці чалавека і Касцёла існуе свой духоўны рытм: зіма і чаканне святла, вясна – час уваскрасення, лета – час спеласці і падзякі, а восень – разважання і памяці”, – адзначыла на канцэрце ўдзельніца хору Алена Стрыга.
Канцэрт стаў своеасаблівым адлюстраваннем таго, як Бог прысутнічае ў кожным часе года — у снежным маўчанні, у веснавым адраджэнні, у летнім святле і ў восеньскай задуменнасці. У праграме прагучалі творы С. Манюшкі, Л. Бетховена, І. С. Баха, кс. Я. Груберскага, кс. Тадэвуша Крыштопіка і інш.
У канцы былі выказаны словы падзякі ў адрас хору на чале з яго кіраўніком Генрыхам Давідовічам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
