Skip to main content

У гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля адзначылі Сусветны дзень моладзі

moladz 33

22 лістапада, у вігілію ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адзначылі 40-ы Сусветны дзень моладзі, які ў гэтым годзе праходзіў на ўзроўні дыяцэзій.

Сёлетні Сусветны дзень моладзі адзначаўся пад дэвізам “Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною” (Ян 15, 27).

У сустрэчы ўдзельнічалі шматлікія маладыя вернікі парафій Гродна і наваколля. Распачалася яна адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзіў душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Яўген Амасёнак.

Затым адбылася святая Імша, якую цэлебраваў вікарый парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Эдвард Пяцельчыц CSsR. Гамілію прамовіў вікарый гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці кс. Аляксандр Пятліцкі SCJ. Святар назваў чалавечае жыццё пілігрымкай, якая павінна стаць “шляхам сяброўства з Богам і іншым чалавекам”, “дарогай да Валадарства Караля вякоў”.

moladz 9

Ксёндз Аляксандр засяродзіў увагу на дзвюх думках, змешчаных у пасланні Папы Льва XIV з нагоды 40-га Сусветнага дня моладзі: на тым, што пілігрымка – гэта “шлях сяброўства”, і тым, што “сяброўства нараджае праўдзівае сведчанне”. “Свет мае патрэбу ў праўдзівых сведках любові, у вас, каб перамагаць зло дабром”, – дадаў святар.

Па словах ксяндза Аляксандра, шлях сяброўства з Езусам Хрыстом прыгожы, цікавы, але не належыць да простых, бо ў гэтым выпадку маладога чалавека часта не прымаюць, высмейваюць і адкідваюць аднагодкі. Насуперак гэтаму святар пажадаў прысутным, каб для іх “сяброўства з Езусам нараджала стыль жыцця”.

“Адкіньце апоры, сорам, страх – рызыкніце! І ўбачыце, што вашае жыццё, вашая рэчаіснасць набудуць колер неба, дзе прабывае Валадар вякоў, які жыве і валадарыць у сэрцы кожнага чалавека, кожнага сябра”, – сказаў святар.

Пасля Імшы, у другой частцы сустрэчы, удзельнікі прывіталі біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, адказнага ў беларускім каталіцкім епіскапаце за душпастырства моладзі. У звароце да маладых людзей біскуп падкрэсліў, што сучаснасць і асабліва будучыня нашай зямлі залежаць ад таго, ці будуць у іх сэрцах вера, чысціня, здольнасць выбіраць дабро.

moladz 40

“Касцёл у Беларусі бачыць у вас вялікі дар і вялікі патэнцыял. Не бойцеся адкрываць Евангелле, быць актыўнымі ў парафіях, шукаць сваё пакліканне, служыць і дзяліцца верай”, – сказаў іерарх.

Звяртаючы ўвагу на дэвіз сёлетняга Дня моладзі, біскуп заахвоціў маладых вернікаў Касцёла на Гродзеншчыне быць людзьмі святла, даваць добры прыклад там, дзе яны вучацца і працуюць, не баяцца “рызыкаваць дзеля Евангелля”.

Потым удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць. У канцы кс. Яўген Амасёнак падзякаваў усім за ўдзел.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі