8 сакавіка, у другую нядзелю Вялікага посту, маладую парафіяльную супольнасць бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне наведаў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Святая Імша адбылася ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат), бо зараз гэтая новая парафія не мае ўласнай святыні. Нядзельныя і святочныя Імшы для вернікаў парафіі адбываюцца ў гэтым касцёле.
На нядзельнай Эўхарыстыі, падчас якой у Міжнародны дзень жанчын маліліся за ўсіх дзяўчат і жанчын парафіі, сабраліся шматлікія вернікі.
Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч. Святар падкрэсліў, што для гэтай парафіі, якая толькі распачынае сваю дзейнасць, візіт дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі – гістарычная падзея. Пробашч выказаў перакананне, што супольная малітва з іерархам стане мабілізацыяй да таго, каб разам будаваць Касцёл, найперш жывы, а затым касцёл з цэглы.
У гаміліі біскуп Станеўскі засяродзіў увагу на асобе бл. Мар’яны Бярнацкай, якая была абрана апякункай парафіі. Ён падкрэсліў, што гераізм благаслаўлёнай, якая падчас ІІ Сусветнай вайны 13 ліпеня 1943 г. разам з сынам і 48 жыхарамі Ліпска была расстраляна фашыстамі на фартах за вёскай Навумавічы, патрэбны для сённяшняга чалавека, а перш за ўсё для сённяшніх жанчын, якія з’яўляюцца ўпрыгажэннем дома і асновай кожнай сям’і.
Біскуп заахвоціў жанчын, прысутных на літургіі, наследаваць святых жанчын, найперш Найсвяцейшую Панну Марыю, найпрыгажэйшае сярод усіх стварэнняў, а таксама іх апякунку бл. Мар’яну, якая аддала жыццё за нявестку, што чакала нараджэння дзіцяці.
Генеральны вікарый дыяцэзіі пажадаў новай парафіяльнай супольнасці, каб з Божай дапамогай яна як найлепш вырашыла ўсе арганізацыйныя моманты, звязаныя з атрыманнем пляцу пад будаўніцтва касцёла, а потым з удзелам людзей добрай волі пабудавала сваю святыню.
Вернікі падзякавалі біскупу за візіт і малітву, папрасіўшы ўмацаваць іх пастырскім благаслаўленнем на гэтую вялікую задачу, якая стаіць перад імі, – будаўніцтва новай святыні. Яны падкрэслілі, што іх вялікае жаданне – каб у іх горадзе над Нёманам запалілася яшчэ адна вечная лампадка, якая будзе нагадваць людзям, што Пан сярод нас, што Ён хоча ўваходзіць у наша жыццё і благаслаўляць наш цяжар і працу.
Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне была зарэгістравана 1 лістапада 2019 г. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі было падпісана намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам. Новая парафія ахоплівае вуліцы гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вуліцы некалі вёскі Тарусічы.
Сімвалічна, што новая парафія бл. Мар’яны ў горадзе над Нёманам была паклікана да існавання праз 20 гадоў з моманту яе беатыфікацыі, якая адбылася 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве. Яе беатыфікаваў Святы Айцец Ян Павел ІІ разам з іншымі мучанікамі Другой сусветнай вайны.
Эвеліна Лукашэвіч