11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, калі адзначаецца Сусветны дзень хворых, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў Універсітэцкі шпіталь у Гродне, дзе памаліўся разам з медперсаналам і пацыентамі, а таксама ўдзяліў ім сакрамэнт намашчэння хворых.
Як паведамляе catholic.by, у гэтай установе аховы здароўя ўжо даўно дзейнічае каталіцкая капліца святых Космы і Дам’яна, дзе штодзённа ў гадзіну Божай міласэрнасці а 15-й гадзіне цэлебруецца святая Імша. Душпастырскае служэнне тут нясе ксёндз Алег Кудэрка, які святарскім словам, малітваю і сакрамэнтамі ўмацоўвае церпячых і тых, хто ім дапамагае вярнуцца да здароўя.
Узначаліўшы ў шпітальнай капліцы цэлебрацыю Эўхарыстыі ва ўспамін Маці Божай з Люрда, біскуп Юзаф Станеўскі ў прамоўленым Божым слове падбадзёрыў хворых, заахвоціўшы іх словамі апосталкі Божай Міласэрнасці святой Фаўстыны Кавальскай яднаць свае цярпенні з церпячым Хрыстом.
Супольнымі малітвамі ўдзельнікі святой Імшы ахінулі ў гэты дзень медперсанал Універсітэцкага шпіталя і ўсіх дактароў, якія сваімі ведамі і прафесіяналізмам дапамагаюць церпячым братам і сёстрам супрацьстаяць хваробам.
Умацаваннем і палёгкаю ў цярпенні стаў для пацыентаў шпіталя ўдзелены іерархам сакрамэнт намашчэння хворых.
Біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што духоўная складаная вельмі важная таксама і для фізічнага здароўя чалавека. Духоўна ўмацаванаму малітвай і святымі сакрамэнтамі чалавеку прасцей змагацца з немаччу і хваробамі.
Менавіта таму Касцёл на Гродзеншчыне так шмат увагі прысвячае душпастырству хворых і малітве ў шпіталях.
Хоць у горадзе на Нёмане і ў вобласці пражывае шмат католікаў, на жаль, пакуль каталіцкія капліцы існуюць тут не ва ўсіх установах аховы здароўя. Маліцца аб тым, каб месцы культу з’явіліся паўсюль, дзе людзям патрэбная духоўная дапамога і прысутнасць Хрыста ў асобе святара, заклікаў усіх удзельнікаў святой Імшы біскуп Юзаф Станеўскі.