Skip to main content

Для дзяцей парафіі ў Шылавічах ва ўспамін св. Мікалая падрыхтавалі дзень цудаў

szylowicze 15

6 снежня супольнасць валанцёраў пілігрымкі Гродна – Тракелі завітала ў госці да юных вернікаў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Ваўкавыскі дэканат). У гэты дзень адзначаецца ўспамін святога Мікалая, постаць якога асацыюецца з каляднымі падарункамі і цудамі.

Пілігрымка з Гродна ў Тракелі праходзіць у ліпені з нагоды штогадовых урачыстасцяў, якія праводзяцца ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Валанцёры, якія ўдзельнічалі ў пілігрымцы, цяпер арганізавалі свята для дзяцей шылавіцкай парафіі.

Па словах удзельнікаў гэтай акцыі, “гэта была не проста сустрэча, а сапраўднае “падарожжа з нябёсаў”, галоўнай мэтай якога было падарыць дзецям часцінку цяпла і веры ў дабро”.

Удзельнікі акцыі імкнуліся падарыць дзецям свой час і шчырасць сэрца – па іх словах, “самы галоўны скарб, якім можа валодаць чалавек”. Натхненнем для іх стаў прыклад а. Сяргея Калюты OSPPE з супольнасці паўлінаў у Карэлічах, які цэлебраваў святую Імшу і праводзіў адарацыю з моладдзю Ваўкавыска.

szylowicze 21

Дзеці былі ў цэнтры ўвагі, для іх была падрыхтавана насычаная і займальная праграма. Маленькія парафіяне зацікаўлена слухалі аповед пра жыццё святога Мікалая і пра тое, чаму ён стаў сімвалам дабрыні і шчодрасці. Дзеці маліліся да свайго анёла-ахоўніка, спявалі песні разам з анёламі, якія распавялі ім пра час Адвэнту і заклікалі быць падобнымі да святога Мікалая – рабіць добрыя справы і дзяліцца дабрынёй з навакольнымі. Кожнае дзіця атрымала магчымасць адчуць сябе творцам: на майстар-класе “Я кулінар” яны размалёўвалі калядныя пернікі, на майстар-класе “Цацка на ёлку” – з дапамогай яркіх фарбаў давалі новае жыццё гіпсавым фігуркам. Не абышлося без шумных гульняў, вясёлай віктарыны і іншых забаваў.

Кульмінацыяй свята сталі доўгачаканыя падарункі ад святога Мікалая, якія выклікалі ўсмешкі на дзіцячых тварах. Падзякай дзяцей за гэты дзень былі падрыхтаваныя імі малюнкі.

“Гэтая сустрэча стала яскравым прыкладам таго, як невялікі ўчынак, зроблены ад чыстага сэрца, можа напоўніць дзіцячыя вочы святлом, а душу – радасцю і верай у калядны цуд”, – паведамляюць нам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі