24-26 студзеня ў кляштар сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) з розных мясцiн Беларусі прыехалi 17 дзяўчат i жанчын, каб разам затрымацца ў цiшыні, праз малiтву, Эўхарыстыю, адарацыю, асабiсты ліст да Бога, увайсцi ў глыбiню Божага запрашэння: “Калi хочаш...”
Духоўным кiраўнiком падчас гэтай малiтоўнай прыгоды быў а. Казiмiр Мараўскi OCD з Гудагая.
Падчас канферэнцыi айцец нагадаў, што часам у жыцці настае момант, калі апускаюцца рукі і прыходзіць думка: “Пане Божа! Ты сам цягні мяне за вушы да неба, бо сама я зусім не маю сіл...” Але так не будзе – Бог ніколі не змушае, бо шануе нашую вольную волю, першы выходзіць нам насустрач, прапануе сваю любоў.
Бог стварыў Марыю Беззаганнай, поўнай ласкі. І нават Ёй была дадзена прапанова, а не ўказ для выканання. Узнiкае пытанне: “А ці можа чалавек сказаць Пану Богу “Не?” – Можа, бо вольны.
Бог, якога Абрагам ніколі не бачыў, не чуў, аб’явіўся і сказаў: “Пакінь бацькоўскі дом і ідзі”. Па-чалавечы гледзячы, адказ мог быць просты: “Куды? Навошта? Мне тут камфортна. Усё пакінуць?!” Але Абрагам згадзіўся! Чаму? Таямніца. Таямніца была да таго моманту, калі Бог пачынае здзяйсняць дадзеныя абяцанні. Вось менавіта тады прыходзіць разуменне. Бог не жартуе з чалавека, заўсёды прыходзіць па-сапраўднаму, з любоўю, з запрашэннем. А ад чалавека патрабуецца адказаць станоўча альбо адмоўна.
Абрагам адказаў станоўча. Тады не было асфальтавай дарогі, былі і напады, і ваяваў падчас падарожжа, і холад, і голад, і сонца
Народ габрэйскі быў жорсткі сэрцам. Бог у размове з прарокам спытаў: “Каго Мне паслаць? Хто пойдзе?” Ісая адказаў: “Вось я, пашлі мяне”. Адказаў станоўча. Як і Абрагам, ён шмат цярпеў, ды яшчэ ад свайго народа.
З вышэйзгаданых прыкладаў вынікае, што, адказваючы Богу станоўча, трэба згадзіцца на цяжкасці, на працу, на цярпенні, на крыж. Сучасныя людзі паддаюцца ідэі, нібыта ісці за Хрыстом азначае толькі радасны спеў “Аллелюя!”. Але гэта не зусім так…
Можна адказаць Пану Богу “так”, а можна і “не”.
Да Езуса прыходзіць малады чалавек, які хоча ісці за Ім. На прапанову прадаць усю сваю маёмасць, вярнуцца і пайсці за Хрыстом ён засмуціўся і адышоў.
Юда Іскарыет, адзін з Дванаццаці, быў так блізка з Езусам... і змарнаваў пакліканне. Прагненне багацця засляпіла яго, ён прадаў свайго Настаўніка за некалькі срэбнікаў…
Так чалавек можа “прадаць” сваё пакліканне за нібыта вялікія рэчы, нават за радаснае “Аллелюя”... Таму словы Хрыста: “Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, возьме свой крыж і ідзе за Мною” – вяртаюць нас у рэальнасць.
Апосталы на адно толькі запрашэнне Хрыста пакінулі свае сеткі і пайшлі за Ім. Штосьці ёсць у гэтым таямнічага. Таямніца ў асобе Езуса Хрыста, у асобе Бога, штосьці такое, што цягне за сабою. Што гэта? Гэта любоў Пана Бога.
У кожным пакліканні ёсць вялікая доза любові Бога да чалавека, і гэта запрашэнне, поўнае слодычы. “Ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі”. А гэта чалавек зразумее толькі тады, калі згадзіцца, адкажа Богу: “Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго Слова”.
І зусім не азначае, што цярпенне будзе абыходзіць збоку. Заўсёды можам сустрэцца з цяжкасцямі твар у твар, як пры аварыі з фурай. А часам гэтая фура можа і пераехаць нас. Але мы не баімся, бо знаходзімся ў руках Божых: “Нават калі пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са Мною!”
Важныя словы, якія гучаць у пакліканні:
“Ідзі за Мною”.
“Не бойся!”
“Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога”.
“Не бойся, Пётр. Дагэтуль ты лавіў рыбу, а цяпер будзеш лаўцом людзей”.
“Не бойся, хопіць табе Маёй ласкі!”
I так Бог гаворыць кожнаму з нас, толькi рашэнне заўсёды за намi. Варта пажадаць, каб у нашым жыццi гэты выбар быу заўсёды добры i каб заўсёды быў прысутны ў гэтым Бог.
С. Магдаліна Кулай