4 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага. Таксама ў гэты дзень група вернікаў парафіяльнай супольнасці прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся шматлікія парафіяне і тыя, хто шануе бедняка з Асізі.
Пробашч парафіі а. Антоній Пажэцкі OFMConv. прывітаў усіх прысутных і звярнуўся з просьбай да іерарха ўдзяліць сем дароў Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі вернікам, якія былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтага.
Біскуп у гаміліі заахвоціў зірнуць на асобу св. Францішка як на ўзор для наследвання. Іерарх падкрэсліў, што гэты святы можа быць для ўсіх найперш узорам вялікай адкрытасці на Духа Святога і шчырага жадання спаўняць Божую волю.
“З часоў святога Францішка прайшло ўжо больш за 800 гадоў, а яго постаць, навучанне і асабісты прыклад застаюцца актуальнымі, па-ранейшаму кранаюць чалавечыя сэрцы і дапамагаюць незлічоным людзям знайсці шлях да Бога”, – дадаў біскуп.
Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, ён нагадаў пра абавязкі, якія вынікаюць з яго прыняцця, а менавіта быць сведкам Хрыста. “Быць сведкам Хрыста – задача кожнага хрысціяніна, яго ганаровы абавязак. Гэта абавязак вернага спаўнення ўласнага жыццёвага паклікання”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп падкрэсліў, што кожнага чалавека Бог вядзе праз жыццё сваім, непаўторным, найлепшым для яго шляхам, але мэта гэтай зямной вандроўкі заўсёды адна: вечнае збаўленне. “Пан Езус кліча нас, каб мы ішлі за Ім праз жыццё, былі Яму верныя, трывалі ў Яго навучанні і імкнуліся да святасці”, – дадаў іерарх.
Ён пажадаў, каб тыя, хто ў гэты дзень прыняў сакрамэнт канфірмацыі, на шляху свайго жыцця былі заўсёды побач з Хрыстом. “Шлях, на які запрашае вас Хрыстус, нялёгкі, патрабуе намагання і прысвячэння. Гэта шлях запаведзяў і благаслаўленняў, пакоры і служэння, паяднання і прабачэння. Адным словам, гэта шлях любові да Бога і іншага чалавека”, – сказаў біскуп.
Ён заахвоціў іх, каб яны, умацаваныя дарамі Духа Святога, адораныя дапамогай з вышыняў, адважна і верна ішлі гэтым шляхам за Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі