3 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія распачацця новага навучальнага года. Для семінарыі гэты год ужо 31-ы.
Урачыстасць пачалася ў аўдыторыі імя св. Яна Паўла ІІ. Традыцыйна прагучала песня “Bogurodzica”. Усіх прысутных прывіталі прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі і рэктар кс. Віталь Вайцяхоўскі. Словы прывітання выказаў таксама біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх падкрэсліў, што семінарыя павінна быць духоўнай прасторай, якая заахвочвае маладых людзей да поўнага распазнання свайго паклікання, умацавання ў ім і дасягнення адпаведнай сталасці, каб дзякуючы моцы сакрамэнту пасвячэння кандыдат стаўся яркім вобразам нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.
Звяртаючыся да семінарыстаў, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што іх прысутнасць у сценах гэтай навучальнай установы сведчыць, што яны адчулі ў сваіх сэрцах цудоўную ласку.
“Ад вас у вялікай меры залежыць, ці захаваеце яе і памножыце, ці не змарнуеце вялікага і выключнага дару, якім адарыў вас Бог, і ці вытрымаеце на шляху да мэты, якая перад вамі”, – дадаў біскуп.
Ксёндз Ян Раманоўскі прадставіў справаздачу за 2019/2020 год, звярнуўшы таксама ўвагу на галоўныя моманты з жыцця семінарыйнай супольнасці ў гэтым навучальным годзе.
Інтэлектуальная фармацыя семінарыстаў з’яўляецца неад’емнай інтэграцыйнай часткай у падрыхтоўцы да святарства. Лекцыю на распачацце нваучальнага года прачытаў для прысутных кс. Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе, які з’яўляецца выкладчыкам кананічнага права ў семінарыі ў Гродне. Святар распавёў пра дзейнасць каталіцкіх адукацыйных устаноў у межах дзяржаўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Вельмі радаснай падзеяй урачыстасці было ўручэнне заліковых кніжак студэнтам 1 курса, так званая іматрыкуляцыя. Сёлета ў гродзенскую семінарыю прынята восем першакурснікаў.
Са словамі настаўлення да семінарыстаў звярнуліся біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які падкрэсліў важнасць найперш чалавечай фармацыі, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які перадаў прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Галоўным пунктам падзеі стала ўрачыстая свяятая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Біскупы, выхаваўцы, семінарысты і госці маліліся аб Божым благаслаўленні на новы навучальны год і прасілі сіл, каб пераадолець усе цяжкасці на шляху фармацыі.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі засяродзіў увагу на чатырох тыпах фармацыі да святарства: агульначалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і душпастырскай. Іерарх падкрэсліў вялікую значнасць менавіта чалавечай фармацыі. “Божая ласка будуецца на натуры чалавека”, – заўважыў ён.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскупы ўдзялілі благаслаўленне на новы навучальны год і заахвоцілі будучых святароў памятаць, што “на іх людзі глядзяць як на будучыню Касцёла, таму варта здабываць веды і навязваць кантакты з Богам, каб адпавядаць выклікам часу і патрабаванням людзей”. Завяршылася падзея святочным абедам.
Андрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч