26 верасня касцёл святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы сабраў на парафіяльную ўрачыстасць у гонар сваіх апекуноў вялікую колькасць вернікаў.
Традыцыйна перад урачыстасцю ў парафіі адбылося 40-гадзіннае набажэнства, дзякуючы якому вернікі падрыхтаваліся да адпусту. Па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза каноніка Юзафа Багдзевіча на свята прыехалі святары з Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага дэканатаў.
На адпустовай святой Імшы сабралася ўся парафія – вернікі рознага ўзросту, дзеці і моладзь, міністранты і дзяўчынкі ў белых сукенках, немаўляты на руках у бацькоў.
На пачатку Імшы пробашч прывітаў галоўнага цэлебранса, шаноўнага парафіяніна кс. Юрыя Ёдзіка – пробашча парафіі св. апостала Якуба ў Цудзенішках, і былога вікарыя, які вучыцца зараз у Рыме, кс. Юрыя Ясевіча, які прамовіў гамілію.
У гаміліі кс. Юрый звярнуў увагу на постаці святых мучанікаў Космы і Дам’яна. Лічыцца, што Бог дараваў ім ласку аздараўлення, што прыцягвала да іх мноства хворых. З хворых, якіх лячылі святыя, яны ніколі не бралі платы, выконваючы запаведзь Езуса Хрыста: «Задарама атрымалі, задарам давайце» (Мц 10, 8). Слава пра Косму і Дам’яна распаўсюдзілася па ўсім наваколлі, і людзі назвалі іх бяссрэбранікамі.
Святар падкрэсліў, што веруючы хрысціянін павінен быць свабодным, што азначае рабіць дабро ўсім людзям і даваць прыклад годнага хрысціянскага і чалавечага жыцця.
Ён распавёў, што, паводле легенды, святых аднойчы паклікалі да цяжка хворай жанчыны Паладыі, якую адмовіліся лячыць усе лекары з-за яе безнадзейнага стану. Дзякуючы сіле сваёй веры і па малітве братоў хворая вылечылася. Поўная ўдзячнасці ім і жадаючы, каб яны прынялі ад яе хоць які-небудзь дар, Паладыя прынесла Дам’яну тры яйкі і сказала: «Прымі гэты малы дар у імя Святой Тройцы — Айца, Сына і Духа Святога». Пачуўшы імя Тройцы, бяссрэбранік не асмеліўся адмовіцца. Косма, даведаўшыся пра тое, што здарылася, быў засмучаны, бо палічыў, што брат парушыў іх строгае правіла.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі падзякаваў усім прысутным святарам і вернікам. Пасля адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Кс. Станіслаў Краўчанка