26 верасня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (дэканат Вялікая Бераставіца) група вернікаў прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Святую Імшу, падчас якой вернікі былі намашчаны алеем хрызма, іерарх цэлебраваў у іх інтэнцыі, просячы для іх аб ласцы моцнай веры і адвагі, каб яны маглі штодзённа даваць сведчанне прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.
У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць сакрамэнту канфірмацыі, які робіць чалавека здольным вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.
Як адзначыў іерарх, звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт, супольнасць Касцёла глядзіць на іх з надзеяй, што яны не страцяць атрыманай веры, а занясуць сучаснаму свету і будуць дзяліцца ёю з кожным, каго сустракаюць.
Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі ў Макараўцах кс. Паўлу Беланосу, які не мог прысутнічаць на ўрачыстасці з-за хваробы, за падрыхтоўку моладзі да гэтай падзеі і клопат аб даручанай яму частцы Касцёла.
Іерарх выказаў словы ўдзячнасці таксама бацькам маладых людзей, якія прыступілі да сакрамэнту, за рэлігійнае выхаванне іх дзяцей.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Алексей Лукша