На малітву ў інтэнцыі шчаслівай будучыні для Беларусі сабраліся вернікі Гродна 19 верасня ў пабрыгіцкім касцёле. Ініцыятарамі адмысловага набажэнства стала група моладзі з мясцовага душпастырства “Open”. Арганізаваць св. Імшу ў інтэнцыі нашай краіны моладзь падштурхнуў грамадска-палітычны крызіс і сітуацыя з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якому было адмоўлена ў вяртанні на Радзіму.
Урачыстую св. Імшу ўзначаліў кс. канонік Антоній Грэмза. У казанні святар спачатку звярнуў увагу на грахі мінулага, падкрэсліваючы, што пакуль не будзе агучана і асуджана зло, здзейсненае ў эпоху савецкага атэізму, да таго часу яно будзе мець свой працяг.
“Падобна і з падзеямі 9-11 жніўня ў Беларусі. Патрэбна, каб мела месца пакаянне за гвалт, за ім паследуе прабачэнне і пасля будзе магчымае вырашэнне крызісу”, - дадаў святар.
Кс. Антоні разважаў таксама над нязломнасцю духа, калі чалавек цалкам прымае ў сабе несмяротнага Езуса: “Гэта дазваляе быць трывалым у сумленным выбары, кіравацца агульным інтарэсам, а значыць, пакрысе змяняць свет, пачынаючы з сябе”.
На заканчэнне гаміліі душпастыр зазначыў, што кожны час мае свае выпрабаванні і нават калі здаецца, што сітуацыя невырашальная, трэба памятаць, што Бог заўсёды мае свой план.
Падчас малітвы вернікаў сабраныя асаблівым чынам прасілі Госпада аб суцяшэнні і справядлівасці для пацярпелых падчас пратэстаў, аб пастаянным выбары агульнага дабра ўладай і стойкасці для Касцёла ў абвяшчэнні Божай праўды.
Пасля заканчэнне св. Імшы адбылося набажэнства перапрашэння. Прысутныя, укленчыўшы перад Найсвяцейшым Сакрамантам, прасілі ў Нябеснага Айца прабачэння за гістарычныя правіны: за знявагу святыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народа.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Павел Леановіч