Духоўныя практыкаванні праводзіў айцец Аляксандр Жарнасек МІС, які нясе служэнне ў Росіцы. На працягу трох дзён разам са святаром семінарысты разважалі над шэрагам тэм: што значыць быць чалавекам, як стаць сапраўдным мужчынам, якіх адносінаў чакае ад нас Пан, хто такі Дух Святы і якую ролю Ён адыгрывае ў духоўным жыцці хрысціяніна.
Гэтым пытанням айцец Аляксандр прысвяціў шэраг канферэнцый і казанняў. Таксама ён дзяліўся сваімі разважаннямі падчас Крыжовага шляху. Праграма рэкалекцый была разнастайнай і насычанай: святая Імша, супольная Літургія гадзінаў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь.
Падсумоўваючы вынікі духоўных практыкаванняў, айцец Аляксандр звярнуў увагу на тое, што ў цэнтры прапаведвання і евангелізацыі святара павінна стаяць Добрая Вестка.
“Не звод правілаў, не каноны, не правільныя паводзіны, а менавіта простая вестка аб тым, што Бог любіць чалавека, што хтосьці асабіста мае значэнне для Пана”, - падкрэсліў святар.
На заканчэнне духоўных практыкаванняў рэкалекцыяністу выказалі падзяку ад семінарыйнай супольнасці рэктар і дэкан навучальнай установы. Семінарысты спадзяюцца, што добры старт у выглядзе духоўных практыкаванняў стане задаткам паспяховага навучальнага года.
Арцём Кір'янаў
Фота: Павел Леановіч