30 ліпеня міністранты з Іўя здзейснілі падарожжа ў Будслаў. На сваім шляху група з дзевяці чалавек наведала таксама мінскую архікатэдру і касцёл у Вішневе.
Падарожжа распачалося Імшой у парафіяльнай святыні. Першым пунктам праграмы была архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Там міністрантаў сустрэў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён пазнаёміў хлопцаў з гісторыяй святыні і ўдзяліў благаслаўленне.
Затым міністранты наведалі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, дзе памаліліся перад цудадзейным абразом.
Апошнім пунктам маршруту быў касцёл святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат). Там юнакоў пазнаёміў з гісторыяй святыні пробашч парафіі ксёндз Антоній Казлоўскі. Дарэчы, месяцам раней касцёл адзначыў 200-годдзе сваёй кансэкрацыі.
На працягу падарожжа хлопцы разам са сваім пробашчам кс. Янам Гавецкім маліліся ў інтэнцыі развіцця міністранцкага руху, новых пакліканняў і сваёй будучыні.
Паездка дала таксама магчымасць пабачыць прыгажосць роднай Беларусі і гістарычныя мясціны сваёй Бацькаўшчыны.
Раман Ярмош