12-13 ліпеня невялікая група духоўных асобаў і вернікаў з Гродна арганізавала індывідуальную пілігрымку на роварах з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).
Група была вельмі арыгінальнай, бо ў яе склад увайшлі дзве сястры законныя, дыякан, святар, свецкая катэхетка, бацька чатырох дзяцей, маці траіх дзяцей і іншыя.
Сваё пілігрымаванне яны пачалі з ранішняй Імшы ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Пасля Імшы яны вырушылі ў шлях. Для некаторых дарога была добра вядомай, бо яны ўжо некалькі разоў пераадолелі яе ў пешай пілігрымцы Гродна-Рось.
Сёлета з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, выкліканай каранавірусам, традыцыйная пешая пілігрымка пад знакам пытання. Усё сведчыць аб тым, што ў гэтым годзе ў традыцыйным фармаце яна не адбудзецца. Таму многія шукаюць іншых спосабаў, каб прыйсці ў санктуарый і стаць з дзіцячым даверам на калені перад цудадзейнай фігурай Езуса Журботнага, які ўжо больш за чатыры стагоддзі выслухоўвае просьбы людзей.
Вернікі, якія рашыліся на гэты адважны крок, каб пераадолець на роварах амаль 80 км за адзін дзень, ехалі тым жа маршрутам, якім штогод ідуць пешыя пілігрымы. Па дарозе яны спыняліся ў прыгожых святынях.
Для ўдзельнікаў пілігрымаванне з’яўляецца формай духоўнасці, a не толькі летняй забавай. Такіх форм духоўнасці існуе шмат, але гэтая, бясспрэчна, належала ім.
“Пілігрымка – пастаяннае пераадоленне дарогі з мэтай наблізіцца да Бога і нанова знайсці Яго. Яе мэтай з’яўляецца не дасягненне пэўнага пункта, а сустрэча з Богам у канкрэтным тваім “сёння”. Намаганне, якое свядома і радасна перажываецца, – гэта вымярэнне пакаяння, якое павінна быць на шляху пілігрымавання”, – адзначае с. Марлена ISSM, адна з удзельнікаў.
Законніца дадае, што для яе гэта была не вясёлая паездка, не цікавае баўленне часу, а патрэба сэрца. “Глыбокае ўсведамленне таго, хто я і куды накіроўваюся, стварае мяне як чалавека, хрысціянку, сястру”, – кажа яна.
Пасля прыбыцця ў санктуарый, які прывітаў іх радасным звонам званоў, пілігрымы прадставілі Езусу Журботнаму свае інтэнцыі і просьбы, якіх сёлета было вельмі шмат. Таксама яны перадалі інтэнцыі тых, хто іх аб гэтым прасіў, і духоўна паядналіся ў малітве.
Пасля яны ўдзельнічалі ў святой Імшы, а на наступны дзень раніцай частка гэтых пілігрымаў накіравалася на роварах назад у Гродна.
Няхай гэтае сведчанне іх веры і прыклад крочання за Хрыстом пабуджае іншых да большай ахвяры і малітвы, а таксама нараджае жаданне быць побач з Богам!
Кс. Юрый Марціновіч