Яшчэ два святары Гродзенскай дыяцэзіі рашыліся на індывідуальную пешую пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, і ксёндз Анджэй Ганчар, які ў хуткім часе выедзе на місіі ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, распачалі сваю пілігрымку з Ліды.
Іх пілігрымка працягвалася шэсць дзён, за гэты час яны пераадолелі каля 220 км.
Як адзначае кс. Ян, “было няпроста, але гэты час і выпрабаванні былі вельмі патрэбныя”.
На апошнім адрэзку шляху да святароў далучыліся яшчэ трое маладых людзей з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара). Разам яны дасягнулі санктуарыя, каб перад цудадзейным абразом Маці Божай дзякаваць Пану за ўсё дабро. Таксама яны дзякавалі за кожнага чалавека, якога Божы Провід паставіў на шляху іх пілігрымавання.
Крыху раней пілігрымку на роварах у Будслаў здзейснілі яшчэ двое святароў нашай дыяцэзіі – а. Казімір Мараўскі OCD, кусташ Гудагайскага санктуарыя, і кс. Раман Вайцяховіч, вікарый парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы.
Гэтая чарговая індывідуальная пілігрымка святароў – доказ таго, што, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, выкліканую каранавірусам, можна выбрацца ў самотнае падарожжа ў санктуарый, каб спазнаць Божую ласку і зірнуць у поўныя любові і клопату вочы Марыі, нашай найлепшай Маці.
Кс. Юрый Марціновіч