21 чэрвеня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Андрэя Баболі ў Мінойтах (Лідскі дэканат) кс. Яўген Шымановіч цэлебраваў прыміцыйную Імшу. Новапрэзбітэр паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці.
Па традыцыі маладога святара ў вянку праводзілі з роднага дома ў парафіяльную святыню. У брамах касцёла яго прывітаў пробашч парафіі кс. Андрэй Радзевіч.
Ксёндз Яўген цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, каго Пан Бог паставіў на шляху яго жыцця, і тых, хто прычыніўся да распазнання ім паклікання да служэння ў Хрыстовым святарстве.
Ксёндз Яўген Шымановіч нарадзіўся 8 студзеня 1991 года. Працаваў праграмістам, вучыўся ў Мінскім катэхетычным каледжы, затым у Філасофска-багаслоўскай Акадэміі Бэнэдыкта XVI у Хайлігенкройцы (Аўстрыя), там жа праходзіў фармацыю ў семінарыі, належыць да супольнасці “Сям’я Бога Айца” ў Аўстрыі.
7 снежня 2019 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім з рук біскупа Віцебскага Алега Буткевіча атрымаў дыяканскае пасвячэнне. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў таксама з яго рук 23 мая ў Глыбокім.
Інкардынаваны ў Віцебскую дыяцэзію, a першай парафіяй яго служэння будзе Глыбокае, дзе ён, акрамя таго, што прыняў дыяканскае і прэзбітэрскае пасвячэнні, таксама прайшоў душпастырска-літургічную практыку, будучы дыяканам.
Кс. Юрый Марціновіч