22 чэрвеня пры касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (Радунскі дэканат) адбылося пахаванне кс. каноніка Тадэвуша Качана. Святар у 2004-2018 гг. быў пробашчам гэтай парафіі.
Пахавальную Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і святары.
Нягледзячы на эпідэмію, у гэты дзень у святыні было шмат вернікаў, якія, захоўваючы ўсе меры бяспекі, прыйшлі падзякаваць свайму былому душпастыру за служэнне і ўзнесці Пану малітвы за яго.
У слове на пачатку літургіі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што малітва – найлепшы выраз удзячнасці, якую вернікі могуць выказаць свайму былому пробашчу. Таксама ён дадаў, што малітва патрэбная душам нашых блізкіх памерлых.
Гамілію прамовіў дырэктар Нацыянальнага Caritas кс. Віталій Дабраловіч. Ён пазнаёміўся з кс. Тадэвушам Качанам у сваёй роднай парафіі ў Трабах, дзе той быў пэўны час пробашчам. Святар адзначыў, што ў памяці вернікаў спачылы застанецца як чалавек малітвы, які заўсёды трымаў у руках ружанец.
Пасля Імшы цела памерлага святара было пахавана на мясцовых могілках, дзе адбылася працэсія з удзелам святароў і вернікаў.
Ксёндз канонік Тадэвуш Качан нарадзіўся 5 жніўня 1937 г. у вёсцы Вялікае Барава ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці ў каталіцкай сям’і. Быў ахрышчаны 15 жніўня 1937 г. у парафіяльным касцёле ў Дудах.
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Валентыя Войціка ў сандамірскай катэдры 6 чэрвеня 1981 г. Пасля пасвячэння служыў у шпіталі ў Радаме (Польшча). Потым быў вікарыем у парафіі ў Петрыкозах i Шыдловічах у Польшчы.
У маі 1990 г. прыехаў у Беларусь, у родныя мясціны. Спачатку дапамагаў у працы пробашчу ў Іўі. Потым быў пробашчам Нецечы, Беліцы і Мінойтах (Лідскі дэканат) i Трабах (Іўеўскі дэканат). У 2004–2018 гадах быў пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках. У апошні час жыў у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), дзе 19 чэрвеня адышоў у вечнасць.
Aўтабіяграфія кс. каноніка Тадэвуша Качана.