Курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у Доме міласэрнасці ў Каменцы (дэканат Шчучын) адышоў у вечнасць кс. канонік Тадэвуш Качан, былы пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (дэканат Радунь).
Пахавальная св. Імша адбудзецца ў панядзелак, 22 чэрвеня, у 11.00 у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (дэканат Радунь).
Жыццярыс, напісаны кс. Тадэвушам Качанам
Я нарадзіўся 5 жніўня 1937 г. у вёсцы Вялікае Барава ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці ў каталіцкай сям’і. Быў ахрышчаны 15 жніўня 1937 г. у парафіяльным касцёле ў Дудах. У маіх бацькоў Станіслава і Зоф’і з сям’і Ермаловіч было шасцёра сыноў і адна дачка, я быў пятым.
У часы Другой сусветнай вайны бацьку вывезлі ў Германію, ён знаходзіўся ў канцлагеры ў Дахау, а самы старэйшы брат пайшоў на фронт. Пасля вызвалення бацька вярнуўся дадому, а брат застаўся ў Польшчы.
У пачатковую школу я пайшоў у Бараве, дзе скончыў чатыры класы. Потым пайшоў у сямігодку ў Дудах, якую скончыў у 1954 г. з добрым вынікам. Хацеў вучыцца далей, але тагачасныя матэрыяльныя абставіны сям’і не дазвалялі рэалізаваць гэтага жадання.
Да Першай святой Камуніі мяне рыхтавала адна жанчына, якая ў прыватным доме стварыла групку, дзе вучыла дзяцей праўдам каталіцкай веры. У часы вясковай калектывізацыі мой бацька не ўступіў у калгас, зямля і ўсё астатняе было адабрана, мае старэйшыя браты і сястра з’ехалі з роднага дома.
У 1957 г. бацька памёр, я застаўся ў доме з хворай мамай. Увосень 1961 г. мяне забралі на вайсковую службу ў Томелі, дзякуй Богу, я быў вызвалены ад абавязку службы ў лютым 1962 г. Ні да якіх дзіцячых, моладзевых арганізацый і партыі я не належаў.
У 1967 г. памерла маці, я застаўся ў доме адзін. У 1968 г. паехаў у Польшчу, быў прыняты там на працу на фабрыку ў Радаме. Працаваў шліфоўшчыкам.
У Радаме я зняў пакой у прыватным доме, быў накіраваны ў вячэрнюю школу для працуючых. Днём працаваў, вечарам ішоў на заняткі, а ноччу вучыўся самастойна. Спачатку было цяжка, я сядзеў гадзінамі над канспектамі, часам мала разумеючы тое, што сам запісваў на ўроках рускімі літарамі і польскім вымаўленнем.
У 1971 г. я скончыў вячэрнюю школу, хоць маё здароўе пагоршылася. Затым быў прыняты ў вячэрні механічны тэхнікум для працуючых і пасля чатырох гадоў вучобы атрымаў атэстат тэхніка-механіка.
У 1975 г. мяне прынялі на першы курс Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Сандаміры. Пасля шасці гадоў вучобы я атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Валентыя Войціка ў сандамірскай катэдры 6 чэрвеня 1981 г. З дапамогай Бога і добрых людзей я дасягнуў таго, аб чым з дзяцінства марыў. Пасля пасвячэння часова служыў у шпіталі ў Радаме. Потым быў вікарыем у парафіі ў Петрыкозах.
У 1983 г. я быў накіраваны ў Шыдловец, дзе быў вікарыем сем гадоў. У маі 1990 г. прыехаў у Беларусь, у родныя мясціны. Спачатку дапамагаў у працы пробашчу ў Іўі. Затым біскуп Тадэвуш Кандрусевіч даручыў мне тры парафіі ў Лідскім раёне. Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня 1990 г., я атрымаў парафіі ў Нецечы, Беліцы і Мінойтах.
Зараз абслугоўваю парафіі ў Нецечы і Беліцах, таксама прыязджаю ў капліцу на тэрыторыі парафіі ў Нецечы, а жыву ў плябаніі ў Нецечы.
Кс. Тадэвуш Качан
Нецеч, 20 жніўня 1993 г.
Ксёндз Тадэвуш Качан служыў таксама ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Іўеўскі дэканат). У 2004–2018 гадах быў пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках. У апошні час жыў у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), дзе адышоў у вечнасць.
Вечны адпачынак дай яму, Пане!