11 чэрвеня з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і святары, якія служаць у катэдры.
На Імшы ў гэтым годзе з прычыны пандэміі каранавірусу прысутнічалі толькі мясцовыя парафіяне. Звычайна ж у ёй удзельнічалі вернікі з усіх гродзенскіх парафій, якія затым выходзілі ў эўхарыстычнай працэсіі на вуліцы горада, каб засведчыць сваю веру.
Гамілію прамовіў біскуп Юзаф Станеўскі, які разважаў у ёй над таямніцай прысутнасці Бога ў белай гостыі, якая, падкрэсліў ён, з’яўляецца “скарбам Касцёла”, “сэрцам свету”, “мэтай, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца”.
Па словах іерарха, перад гэтай таямніцай Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі, “мы падаем на калені, каб змяніць рытм нашага жыцця, у якім углядаемся ўдалечыню з нашым планам і надзеяй”.
“Затрымаемся ж, будзем адараваць, дзякаваць і прасіць, перапрашаць і ўсведамляць, што Бог прыгожы ў сваёй велічнасці, багаты сваёй міласэрнасцю, здзіўляе свет сваёй Ахвярай, але ўсё Ягонае – для мяне і для ўсяго свету”, – сказаў біскуп.
Генеральны вікарый дыяцэзіі падкрэсліў, што, калі чалавек прымае Цела Хрыста, то ўваходзіць з Ім у Камунію, спалучае сваё жыццё з Ягоным. “Аб гэтым Езус добра ведаў, таму стаўся хлебам штодзённага спажывання, дзеля штодзённага станаўлення чалавечай святасці”, – дадаў іерарх.
Ён адзначыў, што “той, хто прагне спазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку, – застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам, – наталяе душу моцай Божай”.
Бiскуп заахвоціў вернікаў ісці шляхамі свету, несучы ў сабе цела Пана “з пакорнай свядомасцю, захоўваючы ўпэўненасць, што любоў Бога мацнейшая за зло, насілле, смерць і пандэмію”.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па касцёле. Яна спынялася ля чатырох алтароў, дзе вернікі дзякавалі Пану Богу за Яго прысутнасць у іх штодзённай рэчаіснасці, перапрашалі за грэх занядбання ў жыцці і прасілі аб моцы Яго благаслаўлення на далейшае крочанне дарогамі веры.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Валерый Крыштаповіч