У першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дыяцэзіяльны дзень бацькі. Сёлета ён прыпадаў на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 7 чэрвеня.
З гэтай нагоды біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Падчас Эўхарыстыі іерарх асаблівым чынам маліўся ў інтэнцыі бацькаў дыяцэзіі. Ён агарнуў малітвай усіх жывых бацькаў, каб яны былі асновай свайго дому і прыкладам для сваёй сям’і, а таксама памерлых бацькаў з просьбай аб дары неба для іх.
Акрамя гэтага, біскуп заахвоціў вернікаў маліцца аб хутчэйшым спыненні эпідэміі, якая не дазваляе людзям нармальна функцыянаваць і цешыцца жыццём.
Кажучы пра ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якая адзначалася ў гэты дзень, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Тройца – вялікая таямніца нашай веры, якой, жывучы на зямлі, чалавек ніколі не будзе ў стане пазнаць.
Іерарх заклікаў стаць на калені перад гэтай таямніцай і вызнаць сваю веру ў Бога ў Тройцы Адзінага, а таксама пажадаў, каб гэтая ўзнёслая ўрачыстасць стала нагодай яшчэ больш умацаваць сувязь з Тройцай. “Падзякуем Богу ў Тройцы Святой Адзінаму за ўсе ласкі і дары, якія ад Яго атрымалі”, – дадаў біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч