24 мая вернікі парафій святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне і Божага Цела ў Дварцы (Дзятлаўскі дэканат) прывіталі свайго новага душпастыра.
Згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча пробашчам гэтых парафіяльных супольнасцяў быў прызначаны кс. Павел Скуба. Да гэтага часу святар быў вікарыем парафіі Святой Сям'і ў Лідзе.
Увядзенне пробашча на пасаду здзейсніў дэкан Дзятлаўскага дэканату кс. Ян Балтрукевіч. Ён прадставіў вернікам іх новага душпастыра і заахвоціў маліцца, каб той мог верна выконваць свае абавязкі.
Парафіяне прывіталі новага пробашча старадаўнім звычаем – хлебам і соллю. Яны выйшлі на парог святыняў у Раготне і Дварцы яму насустрач, каб запрасіць у касцёл. У гэты дзень кс. Павел Скуба ўпершыню цэлебраваў Імшу для сваіх новых вернікаў.
Святар запэўніў, што будзе старацца атачаць вялікім клопатам сваіх новых парафіян і служыць ім ад усяго сэрца. Са свайго боку яны паабяцалі заўсёды памятаць у малітвах пра новага айца іх парафіяльнай сям’і.
Кс. Юрый Марціновіч