Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у спецыяльным паведамленні, скіраваным да святароў Гродзенскай дыяцэзіі, у сувязі з ростам захворванняў у нашай краіне, звязаным з эпідэміяй каранавірусу COVID-19, нагадвае пра сродкі асцярожнасці.
Іерарх нагадвае пра неабходнасць сумленнага і адказнага выканання распараджэнняў Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выдадзеных у сувязі з актуальнай сітуацыяй, Mіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў тым, што датычыцца захавання правіл гігіены, а таксама здзяйснення іншых дзеянняў, якія маюць на мэце пазбегнуць распаўсюджвання інфекцыі.
Біскуп просіць устрымацца ад арганізацыі ў парафіях рэлігійных урачыстасцяў і іншых мерапрыемстваў, у якіх плануецца шматлікі ўдзел вернікаў, a таксама нагадвае пра магчымасць карыстання дыспенсай ад удзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы.
Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу
У сувязі з эпідэміяй каранавірусу COVID-19, са спасылкай на паведамленні № 132/20 ад 20.03.2020 г. i № 166/20 ад 21.04.2020 г., гэтым нагадваю шаноўнаму ксяндзу пробашчу аб неабходнасці сумленнага і адказнага выканання распараджэнняў Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад 19.03.2020 г., Mіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў тым, што датычыцца захавання правіл гігіены, а таксама здзяйснення іншых дзеянняў, якія маюць на мэце пазбегнуць распаўсюджвання інфекцыі.
Асаблівым чынам прашу ўстрымацца ад арганізацыі ў парафіі рэлігійных урачыстасцяў і іншых мерапрыемстваў, у якіх плануецца шматлікі ўдзел вернікаў, асабліва дзяцей і моладзі, а таксама іншых катэгорый людзей, найбольш паддадзеных рызыцы інфекцыі.
Прашу таксама нанова праінфармаваць вернікаў – у межах пастырскіх аб’яваў або іншым падыходзячым чынам – пра магчымасць карыстання дыспенсай ад удзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы, а таксама пра неабходнасць строга захоўваць правілы гігіены, у духу ўзаемнай адказнасці і дбайнага клопату пра здароўе і жыццё: уласнае і бліжніх.
Ускладаючы давер на Бога, багатага на міласэрнасць, даручаю Яму ўсю супольнасць нашага Касцёла на Гродзеншчыне, а ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і верны народ нашай дыяцэзіі на вернае трыванне з Хрыстом у час цяжкага выпрабавання ад усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 02.05.2020
№ 170/20