У сувязі з пандэміяй каранавірусу COVID-19, беручы пад увагу паведамленне Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад 19 сакавіка гэтага года, з 20 сакавіка ўводжу на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі наступныя нормы і распараджэнні:
1. Згодна з кан. 87 §1, 1245 і 1248 §2 Кодэксу кананічнага права, удзяляю дыспенсу ад удзелу ў святочнай і нядзельнай святой Імшы:
- вернікам пажылога ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу;
- асобам з сімптомамі віруснай інфекцыі;
- дзецям і школьнай моладзі разам з асобамі, якія імі непасрэдна апякуюцца;
- асобам, якія адчуваюць страх заражэння каранавірусам.
2. Асобам, якіх датычыць дыспенса, заахвочваю далучацца да трансляцыі святой Імшы з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і прымаць духоўную святую Камунію. Шаноўныя душпастыры маюць абавязак патлумачыць вернікам, што такое духоўная святая Камунія, а таксама праінфармаваць іх пра магчымасць далучацца да трансляцыі святой Імшы праз медыя.
3. Горача заахвочваю ўсіх вернікаў штодзённа маліцца, у сем’ях або індывідуальна, Вяночак да Божай Міласэрнасці (па меры магчымасці ў Гадзіну Міласэрнасці ў 15.00 або ў іншы зручны час) і святы Ружанец (па меры магчымасці ў 20.30 або ў іншы зручны час).
4. Святарам загадваю таксама арганізаваць споведзь у святынях і ў месцах прабывання хворых, людзей пажылога ўзросту і асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, каб кожны жадаючы мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
5. Дабрачыннаму таварыству “Caritas” загадваю арганізаваць усялякую магчымую дапамогу асобам, якіх закранула хвароба каранавірусу, і тым, хто найбольш падатлівы на яго.
6. Духавенству і вернікам загадваю старанна выконваць распараджэнні кампетэнтных органаў свецкай улады, асабліва службы аховы здароўя і грамадскага парадку, у захаванні нормаў гігіены і выкарыстання іншых сродкаў, якія маюць на мэце прадухіленне распаўсюджвання эпідэміі.
7. Пробашчам і адміністратарам парафій, настаяцелям манаскіх супольнасцяў, таварыстваў апостальскага жыцця і іншых структур Каталіцкага Касцёла пры арганізацыі ўсялякага роду евангелізацыйных, фармацыйных, катэхетычных і да т.п. сустрэч загадваю праяўляць максімальную асцярожнасць і, у залежнасці ад дынамікі развіцця сітуацыі, паступаць згодна з распараджэннямі свецкіх уладаў адносна вучобы дзяцей і моладзі ў школах і іншых асветніцка-выхаваўчых пляцоўках.
Вышэйзгаданыя нормы і распараджэнні ўваходзяць у сілу з 20 сакавіка гэтага года і абавязваюць да выканання.
Ускладаючы давер на Бога, нашага Айца міласэрнага і ласкавага, усю супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне даручаю мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і заступніцтву св. Роха, памочніка пры заразных хваробах.
На перажыванне ў духу веры і даверу гэтага часу выпрабавання духавенства, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з усяго сэрца благаслаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 20.03.2020
№132/20
P.S. Шаноўных пробашчаў і адміністратараў парафій Гродзенскай дыяцэзіі прашу прачытаць гэтае паведамленне вернікам у IV нядзелю Вялікага посту, 22 сакавіка 2020 г., на кожнай святой Імшы.
Версія для друку.
Версія на польскай мове.