Раніцай 12 красавіка, ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
У сувязі з пандэміяй каранавірусу не было традыцыйнай рэзурэкцыйнай працэсіі вуліцамі горада над Нёманам. Эўхарыстыя транслявалася ў прамым эфіры тэлеканалам “Гродна Плюс”. Дзякуючы гэтаму тысячы вернікаў, якія асабіста не прысутнічалі на ўрачыстай літургіі, маглі духоўным чынам з’яднацца з супольнасцю Касцёла з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі.
У гаміліі біскуп Станеўскі адзначыў, што ў велікодную раніцу Каталіцкі Касцёл абвяшчае свету праўду пра таямніцу Змёртвыхпаўстання, бо сапраўды Езус Хрыстус уваскрос, перамогшы смерць, прынёсшы ўсяму свету святло надзеі. Як ацэнтаваў іерарх, Хрыстус не прайграў, нянавісць, паклёп, несправядлівы суд і кара смерці не здолелі Яго перамагчы.
Дапаможны біскуп дыяцэзіі заклікаў занесці надзею тым, хто яе страціў або ў гэтых цяжкіх умовах пачынае паволі страчваць.
“Скіруйце сонечны промень туды, дзе пануе цемра. Сваёй усмешкай падзяліся з тым, хто маркотны. Увільгатні слязой вока, якому не знаёмае спачуванне. Навучы прабачаць тых, хто не можа сам сабе выбачыць. Дабрынёй падзяліся з тым, хто ніколі нічым не дзяліўся. Умацуй надзею ў тым, хто яе страціў або пачынае сумнявацца”, – сказаў іерарх.
Біскуп заахвоціў асабліва ў гэтыя цяжкія дні падзяліцца любоўю з тымі, хто прабывае ў самаізаляцыі, з хворымі і церпячымі з прычыны пандэміі.
На заканчэнне літургіі іерарх пажадаў усім, нягледзячы ні на што, радасных і благаслаўлёных святаў, якія перажываюцца ў родным доме. Ён пажадаў, каб нядзеля Уваскрасення Пана стала добрай нагодай радавацца і весяліцца, бо наша жыццё адраджаецца, мы памерлі для граху, каб уваскрэснуць з Хрыстом і жыць з Ім навекі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч