Skip to main content

Біскуп Кашкевіч святарам у Вялікі чацвер: лячыце зламаныя чалавечыя сэрцы

hryzma 539 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма.

Згодна са старажытнай традыцыяй, гэтая Імша цэлебруецца толькі ў катэдры, яе ўзначальвае біскуп і ў ёй удзельнічаюць усе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваецца еднасць і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабой.

На Імшу ў катэдру – “маці” касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі – у сувязі з пандэміяй каранавірусу прыбылі ў гэтым годзе толькі ксяндзы дэканы і тыя святары, якія захацелі прыняць у ёй удзел, каб супольна дзякаваць Езусу Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу.

Прысутнічалі таксама сёстры законныя, семінарысты і вернікі. Натоўпаў людзей, як гэта бывае звычайна, сёлета не было. Вернікі духоўным чынам ядналіся з прэзбітэрыем Касцёла на Гродзеншчыне, дзякуючы Богу за сваіх душпастыраў, з чыёй дапамогай могуць карыстацца з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла і ўзрастаць духоўна.

hryzma 62

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічаў таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі гродзенскі ардынарый нагадаў, што святары моцай сакрамэнту пасвячэння асаблівым чынам удзельнічаюць у адзіным і вечным святарстве Езуса Хрыста. Іерарх падкрэсліў, што кожны святар быў абраны, пакліканы і пасланы, каб быць распарадчыкам, ці інструментам, бясконцай Хрыстовай любові і бязмежнай міласэрнасці.

“Мы рэалізуем гэтае заданне, калі абвяшчаем народу Божае слова, здзяйсняем Эўхарыстычную Ахвяру, удзяляем вернікам святыя сакрамэнты, вучым дзяцей і моладзь праўдам хрысціянскай веры, атачаем асаблівай апекай і клопатам тых, хто найбольш патрабуе нашай дапамогі: хворых, церпячых, убогіх духоўна і матэрыяльна, зняволеных злом, згубленых у жыцці”, – дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што “святарскім словам і ўчынкам, а найперш моцай Божай ласкі мы павінны лячыць зламаныя чалавечыя сэрцы, абуджаць у іх нястомна веру і надзею, указваць людзям аблічча Бога як любячага Айца, багатага на міласэрнасць і прабачэнне”.

Іерарх адзначыў, што сённяшні свет мае патрэбу ў святарах – і святарах сапраўды святых, паводле Божага Сэрца. Таму ён заклікаў духавенства, якое служыць у Касцёле на Гродзеншчыне, абудзіць у сабе нанова прагненне святарскай святасці і нястомна вяртацца да Вячэрніка, бо там пачатак і крыніца паклікання.

“Цэлебруючы ў гэты выключны дзень Эўхарыстычную Ахвяру, папросім Хрыста Пана, каб нястомна нас аднаўляў, асвячаў і ўдасканальваў сваёй ласкай. Няхай яна ўчыніць, каб мы яшчэ лепш, яшчэ больш верна рэалізоўвалі гэтае пакліканне, якім Пан Бог пажадаў нас адарыць без аніякіх нашых заслуг”, – дадаў біскуп.

Іерарх заахвоціў сваіх сабратоў у святарстве і ўсіх вернікаў выказваць удзячнасць Пану за святароў руплівых і святых, паводле Божага Сэрца, якія бязмежна палюбілі сваё святарства і таму з’яўляюцца для іншых узорам для наследвання.

Біскуп заклікаў таксама маліцца за тых святароў, якія перажываюць розныя цяжкасці і крызісы, каб Божая ласка і братэрская падтрымка дапамаглі ім нанова адкрыць “дар і таямніцу” ўласнага паклікання.

Іерарх узгадаў і пра святароў, якіх у гэтым годзе Пан Бог – заўчасна, кажучы па-чалавечы, – забраў да сябе: ксяндза каноніка Алега Дуля, дэкана Ваўкавыскага, і ксяндза Паўла Барысевіча, пробашча з Наваельні.

На заканчэнне гаміліі біскуп звярнуўся да вернікаў з традыцыйнай просьбай маліцца за іерархаў і святароў. “Няхай дзякуючы вашым малітвам Дух Святы працягвае нанова распальваць у нашых сэрцах Божую любоў, жаданне асабістай святасці, руплівасць і ахвярнасць у спаўненні душпастырскіх абавязкаў, каб мы маглі як мага лепш служыць тым, да каго Хрыстус нас пасылае”, – сказаў ён.

Падчас Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус.

hryzma 76

Аднаўляючы свае абяцанні, святары выказалі жаданне да больш цеснага з’яднання з Хрыстом і жаданне знайсці першасную руплівасць сваіх душпастырскіх сэрцаў.

Таксама былі асвечаны алей хворых і катэхумэнаў, a таксама кансэкраваны алей хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

У гэты выключны для кожнага святара дзень біскуп падзякаваў усім святарам, якія працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі, за пастырскае служэнне, абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне святых сакрамэнтаў, катэхізацыю дзяцей і моладзі, клопат аб пажылых, хворых і церпячых людзях, будаўніцтва і рамонт касцёлаў і найперш за сведчанне святарскага жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Максiм Хаванскi

 

Імша Хрызма, духавенства, біскуп Станеўскі, біскуп Кашкевіч, катэдра, Гродна