4 сакавіка ў гродзенскім касцёле св. Францішка Ксаверыя сабраўся на малітве генеральны капітул, апекуном якой з’яўляецца святы каралевіч Казімір. Традыцыйна ў гэты дзень ушанавалі апекуна Гродзенскай дыяцэзіі.
Урачыстую адпустовую св. Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў Гродна ўзначаліў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. У Эўхарыстыі прыняў удзел дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
Вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр адзначыў, што ўрачыстасць св. Казіміра, які славіўся сваёй пакорай, любоўю да Бога і бліжняга, ахвярнасцю, добрая нагода паразважаць над уласным шляхам да святасці. "Святасць - гэта стан, якога не дасягаеш раптоўна, але да якога трэба даспець", - адзначыў ардынарый.
З гаміліяй да сабраных звярнуўся кс. канонік Антоній Грэмза. Святар наблізіў духоўную біяграфію св. Казіміра, падкрэсліваючы, што апякун нашай дыяцэзіі разумеў сапраўдную каштоўнасць жыцця.
"Святы каралевіч меў усе магчымасці, каб жыць у раскошы, аднак адмаўляўся ад належных яму дабротаў, бо ведаў: галоўнае багацце яго чакае ў Небе, - адзначыў святар. - Св. Казімір з'яўляецца добрым прыкладам стаўлення да людзей: паслухмяны адносна бацькоў, клапатлівы адносна абяздоленых, чыстага сэрца адносна супрацьлеглага полу".
На заканчэнне літургіі вернікі ўшанавалі рэліквіі св. Казіміра, просячы яго аб заступніцтве для сябе і апецы над лакальным Касцёлам.
На Гродне ляжыць пячатка прысутнасці св. Казіміра. Святы каралевіч прабываў у горадзе над Нёманам, часта маліўся ноччу на прыступках Фары Вітаўта, а ў нядзельную раніцу 4 сакавіка 1484 г. ва ўзросце няпоўных 26 гадоў адышоў у вечнасць у каралеўскім замку. Праз стагоддзе пасля смерці Казіміра, у рамках працэсу кананізацыі, была адчынена ягоная труна, у якой цела каралевіча знаходзілася ў непарушаным стане. На абразах св. Казіміра паказваюць з лілеяй у руках або на каленях перад касцёлам.
Ангеліна Марцішэўская