19 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у межах XVII фестывалю калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”, які праходзіў у гарадскім доме культуры ў Іўі, наведаў парафію свв. апосталаў Пятра і Паўла, дзе цэлебраваў святую Імшу.
На літургіі сабраліся дзеці і моладзь з парафій Іўеўскага дэканату – удзельнікі фестывалю. У гэтым годзе іх было каля 300. Разам з імі маліліся вернікі Іўя.
Падчас Імшы іерарх маліўся ў інтэнцыі арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю, а таксама яго ахвярадаўцаў. На бягучым Тыдні малітваў за адзінства хрысціянаў прысутныя ў святыні былі заахвочаны да малітвы аб адзінстве паміж усімі вызнаўцамі Хрыста.
На пачатку літургіі са словам прывітання да арцыбіскупа звярнуўся пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі. Ён падкрэсліў, што прысутнасць іерарха на гэтым фестывалі і супольная малітва ў святыні вельмі важныя для жыхароў Іўеўшчыны.
У гаміліі, зыходзячы з Евангелля 2-й звычайнай нядзелі, арцыбіскуп звярнуў увагу на сустрэчу св. Яна Хрысціцеля з Езусам на беразе ракі Ярдан.
“Ян Хрысціцель назваў Езуса Баранкам, які бярэ на сябе грахі свету. Гэтым самым ён хацеў падкрэсліць, што прыходзіць час Новага Запавету, калі патрэбна будзе ахвяра Богачалавека з мэтай збавіць чалавецтва, бо ахвяры Старога Запавету з баранкаў не могуць гэтага ўчыніць”, – дадаў іерарх.
Ён падкрэсліў, што словы Яна Хрысціцеля пра Хрыста як Баранка Божага Касцёл паўтарае на кожнай Імшы перад Камуніяй. Гэта нагадвае пра іх выключнае значэнне.
Старшыня епіскапату заахвоціў вернікаў часта ўдзельнічаць у Імшы, падчас якой мы не толькі бачым Баранка Божага ў кансэкраванай Гостыі, але і прымаем Яго як хлеб вечнага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавэцкі