1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі праходзіў Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.
У мерапрыемстве, якое адбывалася па ініцыятыве біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, узялі ўдзел паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Віцебскай дыяцэзіі.
На заканчэнне сустрэчы адбыўся ўрачысты Акт прысвячэння дзяцей Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Кожнае дзіця атрымала абразок з выявай Сэрца Пана Езуса і тэкстам прысвячэння на адваротным баку.
Арганізатар сустрэчы кс. канонік Юрый Марціновіч прачытаў Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якой сёлета спаўняецца 125 гадоў. Ушанаванню Сэрца Езуса асаблівым чынам прысвечаны ў Касцёле месяц чэрвень.
Затым усе ўдзельнікі дыяцэзіяльнага свята прамовілі словы Акту прысвячэння.
Прысвяціўшы сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, дзеці пастанавілі жыць з гэтага моманту паводле Божых запаведзяў, Евангелля і вучэння Касцёла. Той, хто прысвячае сябе Сэрцу Езуса, тым самым прызнае найвышэйшую ўладу Езуса, пацвярджае, што выбірае Яго сваім Панам, Збаўцам і Валадаром.
Дзяцей заахвоцілі любіць людзей, асабліва тых, якіх яны сустрэнуць на летнім адпачынку.
Ксёндз Юрый Марціновіч, звяртаючыся да дзяцей, сказаў: “Чым больш людзей мы любім, тым большымі будуць нашы сэрцы, але калі Пан Езус жыве ў нашых сэрцах, то, акрамя сяброў і родных, там знойдзецца месца і нашым непрыяцелям, злоснаму сябру ці непрыемнаму для нас чалавеку. Калі Езус будзе жыць у нашых сэрцах, мы зможам змясціць у іх увесь свет. Нашыя сэрцы будуць вялікімі, і я жадаю вам такіх вялікіх сэрцаў з нашым Панам Езусам”. Святар пажадаў, каб ва ўсіх сэрцах заўсёды былі цеплыня і добразычлівасць да людзей.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч