Skip to main content

Гродзенскія біскупы благаславілі ўдзельнікаў Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці на час канікул

ddd msza 7Найважнейшай падзеяй юбілейнага Х Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які адбыўся 1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, была святая Імша.

На Эўхарыстыі ў парафіяльным касцёле сабраліся дзеці з душпастырамі, законнымі сёстрамі і катэхетамі сваіх парафій, а таксама са сваімі бацькамі.

Літургію цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх дзяцей дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які ахвяраваў Імшу ў інтэнцыі арганізатараў, валанцёраў і дабрадзеяў Дня дзіцяці, звярнуўся да прысутных з гаміліяй.

У гаміліі іерарх адзначыў, што Сэрца Езуса заўсёды адкрытае для кожнага і кожны можа знайсці ў ім суцяшэнне і паратунак.

ddd msza 3

Біскуп звярнуў увагу таксама на дэвіз сёлетняга Дня дзіцяці – “З малітвай праз жыццё”. Кажучы пра важнасць малітвы, іерарх падкрэсліў, што яна дае чалавеку неабходную адвагу і надзею, каб з верай ісці дарогамі жыцця.

ddd msza 6

Біскуп заахвоціў дзяцей прыкласці ўсе старанні, каб малітва стала фундаментам іх жыцця, і звяртацца да Бога, свайго Створцы, у радасці і ў смутку.

У канцы Імшы біскуп Кашкевіч пажадаў дзецям правесці канікулы з карысцю і не змарнаваць ласкі, якую дае Бог.

Затым іерархі ўдзялілі дзецям пастырскае благаслаўленне на час летняга адпачынку.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч