5 жніўня санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) напоўніўся мноствам пілігрымаў.
Да славутай ласкамі фігуры Езуса Журботнага, якая знаходзіцца ў цэнтральным месцы старадаўняй святыні, прыбыла ХХI пешая пілігрымка з Гродна, якая сёлета адбывалася пад дэвізам “Імкніцеся да спакою з усімі і да святасці” (Гбр 12, 14). У пілігрымцы ўдзельнічала каля 250 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – з Мінска і Маладзечна.
Акрамя таго, прыйшла пешая пілігрымка з Мастоў на чале з дэканам Мастоўскага дэканату кс. Віктарам Ханько. Таксама прыбылі ў індывідуальным парадку пілігрымы з бліжэйшых месцаў, шмат людзей прыехала на ўласным транспарце. Вернікі сабраліся, каб разам узносіць да Езуса просьбы і падзякі.
Найперш яны маліліся аб міры ў свеце і ў кожнай сям’і, аб узрастанні ўсіх сем’яў у веры і любові.
Па традыцыі пілігрымаў прывітаў заўсёды гасцінны кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, які не шкадаваў асвячанай вады, акрапляючы радасных вернікаў, што ўваходзілі ў касцёл, каб пакланіцца Езусу і прадставіць Яму патрэбы душы і цела.
У санктуарыі адбылася ўрачыстая Імша, удзельнікі якой звярталіся да Пана з багажом сваіх інтэнцый. Узначаліў Эўхарыстыю шматгадовы арганізатар гродзенскай пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч, які сёлета прыбыў у Рось пешкі ўжо ў 21-ы раз.
У гаміліі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч заахвоціў разумець знакі, якія дае кожнаму Бог. Святар падкрэсліў, што хрысціяне павінны пастаянна змяняцца да лепшага, моцна верачы ў Езуса Хрыста, і што гэтыя змены павінны здзяйсняцца згодна са знакамі часу.
Па словах кс. Чэслава, задача кожнага, хто хоча называцца вучнем Хрыста, – разумець, што адбываецца ў яго душы, распазнаваць свае пачуцці, думкі. Таму святар заклікаў адкрыцца на дар Створцы, які жадае ўліць у сэрца кожнага сваю ласку і любоў.
У канцы літургіі кс. канонік Юрый Марціновіч ад імя ўсіх пілігрымаў падзякаваў за вялікую адкрытасць, дабрыню і гасціннасць, якія яны заўсёды бачаць, наведваючы гэты санктуарый, кусташу і яго парафіянам.
Кіраўнік гродзенскай пілігрымкі падкрэсліў, што гэтае жнівеньскае падарожжа ўжо стала добрай традыцыяй для многіх людзей, якія чакаюць сустрэчы з Езусам Журботным цэлы год.
Пасля Імшы ў вернікаў быў час на індывідуальную малітву. Затым для ахвотных адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і канферэнцыя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі