5 жніўня адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.
У пілігрымцы, якая праходзіла пад дэвізам “Імкніцеся да спакою з усімі і да святасці” (Гбр 12, 14), удзельнічала каля 250 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – з Мінска і Маладзечна.
Благаслаўленне Маці на дарогу
Пілігрымка пачалася малітвай у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца), куды ўдзельнікі дабраліся на аўтобусах або на сваім транспарце. Цудоўным летнім ранкам пілігрымы сабраліся ў старадаўняй вясковай святыні, у сценах якой гучала малітва многіх пакаленняў вернікаў. У цэнтры яе алтара знаходзіцца абраз Маці Божай, якая з чуласцю глядзіць не толькі на свайго Сына Езуса Хрыста, якога трымае на руках, але і на ўсіх, хто наведвае гэты Божы дом.
Да таго ж пілігрымка здзяйснялася ў першую суботу месяца – дзень, прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Панны Марыі. Таму пілігрымаванне пачалося Ларэтанскай літаніяй. Усе ўдзельнікі, старэйшаму з якіх было 80 гадоў, а малодшаму 2, даручылі гэты дзень і амаль 30 кіламетраў шляху Маці Божай, аддаўшыся ў Яе асаблівую апеку і папрасіўшы Яе заступніцтва і дапамогі.
Пробашч мясцовай парафіі кс. Алег Канановіч ўдзяліў пілігрымам благаслаўленне на дарогу, акрапіўшы іх святой вадой і пажадаўшы шмат фізічных сіл, а таксама папрасіўшы ўзгадаць у малітвах пра яго парафіян, каб Бог удзяліў ім дар веры і вялікай любові да Яго і людзей.
Водар кавы ў лесе
Першыя кіламетры дарогі былі цудоўнымі. Гэтаму спрыяла надвор’е: лёгкі ветрык, сонца, якое чаргавалася з аблокамі. Вернікі праспявалі Гадзінкі да Маці Божай, прагучалі таксама першыя “хіты” пілігрымаў у выкананні таленавітай моладзі. Першы прыпынак быў зроблены ў лесе. Пачуўся водар свежай кавы, па якую выстраілася чарга, каб стаць больш бадзёрымі, бо многія з пілігрымаў мусілі ў гэты дзень устаць рана, каб не спазніцца ў шлях.
Затым вернікі памаліліся Ружанец. Семінарыст Павел Догель падчас малітвы агучыў сотні інтэнцый, напісаных на лістах паперы пілігрымамі і дасланых праз сацсеткі тымі, хто не змог далучыцца да пілігрымкі.
Вера і энергія дзяцей
Самыя малодшыя ўдзельнікі пілігрымкі, якіх сёлета ў ёй было вельмі шмат, пабожна прамаўлялі малітву “Вітай, Марыя”. Іх энергія і энтузіязм дадавалі сіл астатнім удзельнікам. Варта спадзявацца, што гэтая пілігрымка будзе развівацца.
Падчас Ружанца надвор’е змянілася, пачаўся дождж, які працягваўся і тады, калі вернікі зноў вырушылі ў шлях. У гэтым годзе на галовы пілігрымаў вылілася вельмі шмат вады.
Акрамя таго, вады ім не пашкадаваў і кс. Павел Ствол, пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі, дзе іх, як звычайна, пачаставалі смачным абедам. У брамах касцёла ён акрапіў пілігрымаў, якія ішлі пад дажджом, святой вадой, а затым параіў ім хутка схавацца ў святыні.
Абед у касцёле
Многія з пілігрымаў, як прызналіся яны самі, першы раз абедалі ў касцёле. Абед быў сапраўды вельмі добры, не толькі з-за месца: цёплая грачаная каша, сасіскі, агуркі, кампот. Гэткую армію здолелі накарміць усяго тры жанчыны, якія ад імя парафіі прыгатавалі пасілак.
Дождж працягваўся і нават узмацняўся, стаў чутны гром. А пілігрымы працягнулі свой шлях, ніхто не адмовіўся ісці.
Гісторыя пілігрымкі
Адвагі і аптымізму пілігрымам дадаў кс. канонік Віктар Мыслюк, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску, які далучыўся да іх у той момант, калі надвор’е сапсавалася, і ішоў з імі да самай Росі, адкуль паходзіць. Сапраўды, ад яго гэтая пілігрымка бярэ пачатак.
Як падкрэсліў кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч, 21 год таму па запрашэнні кс. Віктара Мыслюка ў Рось прыйшла першая пілігрымка, і яе гісторыя працягваецца. Яе традыцыя не перарывалася і ў час пандэміі каранавірусу – два гады пілігрымка праходзіла ў меншым, сімвалічным складзе.
Гасціннасць людзей
Прыемны сюрпрыз, як заўсёды, падрыхтавалі пілігрымам жыхары вёскі Дулеўцы. Пад праліўным дажджом яны прыгатавалі вандроўнікам пачастунак са слодычаў і садавіны. Ужо некалькі гадоў яны з вялікай гасціннасцю прымаюць пілігрымаў і з яшчэ большай верай моляцца разам з імі.
Падчас малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці пілігрымы асаблівым чынам прасілі аб міры ў свеце, за маладых людзей, якія згубіліся на шляхах жыцця, і за грэшнікаў, заклікаючы Пана быць міласэрным да іх і ўсяго свету.
Пасланне на жыццё
Ксёндз Юрый Марціновіч, які здзейсніў гэтую пешую пілігрымку ў 21-ы раз, перад набліжэннем да санктуарыя шчыра падзякаваў усім за ўдзел. Ён дадаў, што сёлетняя пілігрымка не была лёгкай – з-за ўмоваў надвор’я.
Святар дадаў, што, аднак, вера дазволіла ўсім ім дайсці да мэты гэтага шляху, каб зірнуць у міласэрныя, поўныя любові, дабрыні і цеплыні вочы Хрыста Журботнага, які глядзіць на кожнага з вялікай чуласцю. А сёлета Яго позірк быццам нагадвае кожнаму пілігрыму пра дэвіз гэтых рэкалекцый у дарозе: “Імкніся да спакою з усімі і да святасці, старайся з кожным днём рабіцца лепшым, больш дасканалым, больш святым...”
У чаканні цуду
Пасля таго як пілігрымаў прывітаў на парозе святыні заўсёды гасцінны гаспадар гэтага месца, кусташ санктуарыя ў Росі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, іх сустрэчу з Езусам Журботным можна было падсумаваць двума словамі – вера і надзея.
Мы ведаем, што вера чыніць цуды, спрыяе таму, каб немагчымае станавілася магчымым. І кожны, хто ў гэты дзень прыйшоў у Рось, вярнуўся адтуль з надзеяй, што Пан паглядзіць на яго і выслухае яго просьбы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Міхаіл Міклашэвіч