У чарговы раз у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі здзейснілі пешую пілігрымку вернікі з Мастоў. Удзельніца пілігрымкі прыводзіць свае думкі і ўспаміны.
Чарговая мая пілігрымка Масты – Рось. Гэта больш, чым шлях... Больш, чым выпрабаванне для сябе, не зважаючы на боль і на іншае, што ты адчуваеш.
Шлях, які ты праходзіш нават нягледзячы на разнастайныя перашкоды. Дарэчы, тут і ўмовы надвор’я не перашкода.
Часам нам усім у жыцці не хапае момантаў пакоры і адзінства. Адзінства ва ўсім свеце, адзінства ў сваіх адносінах з Богам, адзінства ў нашых сем’ях.
Нам не хапае такіх момантаў, калі трэба спыніцца, спыніцца і на імгненне ўвязнуць у той самай гразі, набраць кучу камянёў і нацерці тыя самыя мазалі, каб азірнуцца і задумацца над сваім жыццём, а пасля дасягнуць мэты, прыйсці ў дом Айца і радавацца ўсяму таму, што адбылося, прайшоўшы гэты няпросты шлях.
Хвала Пану, што Ён зноў дае сілы не падаць на гэтым жыццёвым цярністым шляху, а падае далонь для таго, каб падымацца і рухацца далей. Бо Ён кожнага з нас любіць і чакае, каб мы прыйшлі да Яго з усімі сваімі слабасцямі.
Нягледзячы нават на тое, як мы Яго ранім сваімі недасканаласцямі, Ён выходзіць нам насустрач, як выходзіў любячы бацька да свайго заблукалага сына, і абдымае, і заўсёды кажа: “Ты мой умілаваны сын і дачка, Я табе прабачаю!”
Пілігрымка заўсёды была для мяне магчымасцю асаблівага прабывання сам-насам з Богам, а таксама магчымасцю цудоўных сустрэч і разважанняў.
Велізарная ўдзячнасць за ўсё ксяндзу Віктару Ханько і ўсім арганізатарам пілігрымкі. Дзякуй кожнаму, хто ішоў у ёй і праслаўляў разам з намі Пана. Удзячная Богу за моманты такіх цёплых сустрэч і знаёмстваў і за кожнага чалавека, якога я сустрэла і адкрыла.
Няхай гэты цудоўны дзень застанецца назаўсёды ў спісе самых лепшых успамінаў і перажыванняў.
Ангеліна Целеш