
Калі за вокнамі халадзее, а ў адвэнтавым вянку запальваюцца першыя свечкі, прыходзіць час асаблівых традыцый. “Слоічак добрых спраў” – гэта не проста прыгожы прадмет інтэр’еру, а спосаб напоўніць кожны дзень чакання Раства святлом, дабрынёй і любоўю.
Адвэнт яшчэ называюць падарожжам у чаканні Каляд, паколькі гэта перыяд духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы з нованароджаным Езусам Хрыстом. Хрысціяне рыхтуюцца да свята праз малітвы і пост, а таксама праз добрыя справы. Гэта дапамагае запаволіцца, адчуць блізкасць і нагадаць сабе, што галоўнае – гэта любоў.
Слоічак добрых спраў – магчымасць спыніцца на важным, стварыць атмасферу клопату і блізкасці ў сям’і. Да свята Божага Нараджэння ён напаўняецца ўчынкамі, якія становяцца сапраўднымі дарамі – як міра, золата і ладан, прынесеныя Немаўляці Езусу.
Што спатрэбіцца?
Шкляны слоік (можна ўпрыгожыць стужкай, тканінай, налепкай ці біркай з подпісам “Добрыя справы”, “Сямейнае цяпло”, “Шлях да Раства” і інш.);
Папера (белая, каляровая, крафтавая);
Ручка або маркер.
Як зрабіць?
Пастаўце слоічак у даступным і бачным месцы. Нарэжце паперу на палоскі. Кожны вечар усе члены сям’і павінны запісваць свае добрыя справы і дадаваць іх у шклянку. Гэта можа быць дапамога, клопат, малітва, добрае слова і г. д. Так яна пераўтвараецца ў жывы летапіс любові: кожны дзень – новы ўклад, кожная запіска – адлюстраванне святла, якое мы дорым адзін аднаму.
У дзень, калі наступае 25 снежня і ўся сям’я збіраецца разам, добрай ідэяй будзе адкрыць слоік, каб узгадаць цёплыя моманты. Кожная нататка – як падарунак для Дзіцятка Езуса. Можна прачытаць іх услых, успомніць, падзякаваць адзін аднаму і адчуць: Хрыстос нарадзіўся – у сэрцы, у сям’і, у кожнай добрай справе.
Няхай гэтая адвэнтавая ідэя, якая можа стаць сямейнай традыцыяй, напоўніць душу святлом, верай і надзеяй. Добрыя словы і ўчынкі – гэта тое, што робіць калядныя святы асаблівымі.
Адвэнт-каляндар на кожны дзень будзе публікаваць у сацыяльнай сетцы Іnstagram каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by. Далучайцеся!
Падрыхтавала Вольга Сяліцкая
