
40-вы Сусветны дзень моладзі ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца сёлета на дыяцэзіяльным узроўні 23 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Яго тэмай абраны словы Езуса, узятыя з Евангелля: “Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною” (Ян 15, 27).
“Мы жывём у час хуткіх змен, напружанняў, культурных выклікаў і духоўных сумненняў. Свет часта прапануе простыя, але пустыя адказы. Аднак менавіта ў гэтым свеце Бог ставіць вас як знак надзеі, – звяртаецца ў пастырскім слове да моладзі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. – Вы можаце быць такой надзеяй, […] калі не саромеецеся малітвы і веры, калі не адмаўляецеся ад сваіх хрысціянскіх каштоўнасцей”.
Спыталі ў моладзі, якое месца займае ў іх жыцці вера. Прапанавалі маладым людзям уявіць сваё жыццё без веры.
Чалавек не можа без веры

Кожны чалавек у штосьці верыць. Хтосьці – у Бога, хтосьці – у поспех, а хтосьці – у лёс. Вера з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця чалавека. У ім заўсёды, як мне здаецца, ёсць месца і для веры, і для надзеі, і для любові. Калі нечага з гэтага не стае, чалавек упадае ў дэпрэсію.
У маім жыцці вера займае галоўнае месца! Дзякуючы ёй я адчуваю апору ў цяжкія моманты жыцця, асабліва калі штосьці здаецца невырашальным. Вера надае мне сілы і ўпэўненасць.
Паліна Палуйчык,14 гадоў, Шылавічы
Без веры жыццё шэрае

Жыццё ў бязвер’і шэрае, сумнае. Наш Збаўца Езус Хрыстус хоча для кожнага чалавека найлепшага, ведае, што яму неабходна. Калі ты жывеш без гэтага ўсведамлення, то будзе цяжка…
Цяжка існаваць у гэтым свеце “не па-хрысціянску”, але нейкімі іншымі катэгорыямі. Вядома, на словах лёгка сказаць – гэта праяўляецца ў дзеянні. Вера натхняе мяне, надае матывацыю і духоўную перспектыву.
Канстанцін Жукоўскі, 20 гадоў, Гродна
Вера дае адчуванне, што ты не адзін

Паколькі я нарадзілася ў веруючай сям’і, то з самага маленства хадзіла ў касцёл. Вера была для мяне асновай, якая з часам стала ўнутраным компасам. Яна надае жыццю глыбокі сэнс, паказваючы, што я з’яўляюся часткай нейкага вялікага плана. Вера таксама дае мне адчуванне таго, што я не адна ў свеце, што ў няпростыя часы магу звярнуцца да Бога за суцяшэннем і кіраваннем. Калі казаць коратка, то для мяне вера – гэта не сцяна, якая хавае ад буры, а падстава, каб устаць і ісці далей.
Я лічу, што без веры жыццё здавалася б пустым і бессэнсоўным, бо знікла б унутраная апора. Складаныя часы перажываліся б цяжэй, без надзеі на лепшае і разумення, што боль мае прычыну. Свет падаваўся б чымсьці стыхійным і несправядлівым, дзе ўсё адбываецца выпадкова…
Вераніка Крыштаповіч, 17 гадоў, Гродна
На словах вера мёртвая

Вера як храм, які мае дзве калоны: Святое Пісанне і Катэхізіс. Яна займае неад’емную частку маёй штодзённасці. Гэта малітва, споведзь, св. Імша, асабісты дыялог з Богам, Ружанец і іншыя хрысціянскія практыкі. Але важнай рысай веры, на мой погляд, з’яўляецца менавіта сведчанне ўчынкамі (параўн. Як 2, 17). Калі вера застаецца толькі на словах, яна будзе мёртвай.
Менавіта ў нас, веруючых людзях, якія сведчаць пра сваю веру справамі, іншыя людзі могуць убачыць дзеянне, любоў і дабрыню самога Бога. Гэта можа стаць для бліжніх “пятым Евангеллем”, якое наблізіць ім Бога.
Міхаіл Радзіон, 21 год, Рось
Касцёл як месца сілы

Веру ў Бога мне з дзяцінства прывівала бабуля, бацькі. У памяці назаўсёды адклалася, як бабуля рыхтавала стол з традыцыйнымі стравамі да Божага Нараджэння, сена, аплаткі. Перад Вялікаднем у нашай парафіі звычайна праводзіўся конкурс сярод дзяцей на самую вялікую і прыгожую вярбу. Канешне, я з братам таксама прымала ўдзел. Не перадаць, з якой цікавасцю і азартам мы рыхтаваліся…
Прызнаюся, перажывала розныя этапы ў жыцці. Здаралася, у жыццёвай спешцы я аддалялася ад Касцёла. Заўважала, што тады знікала мая ўнутраная іскрынка і лёгкасць. Так, аступалася, але вярталася зноў і зноў да любімага алтара.
Зараз Касцёл з’яўляецца маім месцам сілы. Люблю падчас шпацыру зайсці ў святыню і проста памаўчаць.
Марына Тоцавіч, 27 гадоў, Жалудок
Падрыхтавала Вольга Сяліцкая
