
Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне сёлета адсвяткавала 35-годдзе з часу свайго заснавання. Чым адметная гэтая духоўная навучальная ўстанова ў Касцёле ў Беларусі? У інтэрв’ю для “Слова Жыцця” новапрызначаны рэктар семінарыі кс. Ян Раманоўскі распавядае аб прынцыпах падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства і перайманні досведу Паўсюднага Касцёла.
– Кс. Ян, пасаду прэфекта гродзенскай семінарыі Вы займалі на працягу 8 гадоў. Якія задачы перад сабой ставілі і чаго ўдалося дасягнуць за гэты час?
– Служэнне прэфекта спецыфічнае, бо спалучае функцыі, звязаныя з выхаваўчай працай і навучальным працэсам. Яго мэты заўсёды застаюцца тыя самыя: зрабіць усё ад сябе залежнае, каб дапамагчы тым, хто прыходзіць у семінарыю, дайсці да прыняцця сакраманту святарства. Паказаць, што гэты шлях з’яўляецца вартым таго, каб да яго імкнуцца.
Мне складана разважаць пра намацальныя вынікі, бо, па праўдзе кажучы, выпуск мінулага акадэмічнага года стаў маім першым. І плён працы, напэўна, можна будзе заўважыць толькі з часам, калі святары праявяць сябе ў служэнні.
– Якая частка семінарыстаў з тых, што пачыналі навучанне, дайшла да святарскага пасвячэння?
– Адна трэць, хоць звычайна даходзіць дзесьці палова. Але гэта не самае важнае. Ва ўсім гэтым усё роўна адчуваецца радасць, бо ў такі момант бачыш пэўны матэрыяльны плён сваёй працы. Семінарысты здалі экзамены, абаранілі магістарскія працы.
Падчас служэння прэфектам я заўсёды імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб нашы выпускнікі выходзілі з семінарыі якасна адукаванымі. Мы жывём у часы, калі святар павінен быць інтэлігентным і інтэлектульна развітым чалавекам. Напрыклад, падчас фармацыі семінарысты вывучаюць замежныя мовы. Улічваючы ўніверсальнасць Касцёла, гэта дапаможа ім здабыць пэўны багаж. Стараемся таксама выкарыстоўваць віртуальныя магчымасці ў адукацыйным працэсе.
Напрыклад, клерыкі шостага курса ўдзельнічаюць у навуковых анлайн-семінарах на базе Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя св. Яна Паўла ІІ.

– Што было для Вас самым няпростым падчас служэння прэфектам?
– Напэўна, часам матываваць семінарыстаў да таго, каб нават цяпер, знаходзячыся ў семінарыі, яны не шукалі спакойнага жыцця, каб не спыняліся на выкананні мінімуму спраў і абавязкаў, якія ад іх патрабуюцца, але каб праяўлялі ініцыятыву, крэатыўнасць. Даводзілася паказваць і прыпамінаць, што інтэлектуальная і духоўная фармацыя, перш за ўсё, патрэбная дзеля іх дабра.
Калі гаварыць пра прынцыпы фармацыі цалкам, гэта не так проста, як здаецца. Са свайго боку я магу зрабіць усё, што ад мяне залежыць, але шмат залежыць і ад канкрэтнага семінарыста і яго імкнення выкарыстаць гэты час як мага лепш.
– Якога накірунку Вы плануеце трымацца як рэктар?
– У маім падыходзе да фармацыі клерыкаў нічога значна не зменіцца, таму што мы ідзём у тым напрамку, якога семінарыя трымаецца ўжо на працягу нейкага часу і развіваецца. Гэта прынцыпы, што вызначае і Каталіцкі Касцёл увогуле, і нашы біскупы.
Аднак, напэўна, ёсць пэўныя задумы, якія можна спрабаваць уводзіць у жыццё. Адным з такіх момантаў з’яўляецца акцэнт на прысутнасць семінарыстаў у розных прасторах жыцця Касцёла ў нашай краіне: каб клерыкі былі больш адкрытыя на дыялог, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Вядома, што семінарыя – гэта закрытая навучальная ўстанова. Але гэта не азначае, што мы павінны выпадаць з жыцця лакальнай супольнасці.
– Ці не маглі б Вы прывесці некалькі канкрэтных прыкладаў, як уяўляеце ўзаемадзеянне паміж семінарыстамі і свецкімі вернікамі?
– Пачынаючы з гэтага акадэмічнага года, семінарысты старэйшых курсаў сталі ўдзельнічаць у парафіяльных сустрэчах у Гродне – напрыклад, катэхезах для розных сацыяльных груп. Як адзначаў вышэй, яны таксама будуць прымаць удзел у розных мерапрыемствах – па меры таго, што адбываецца ў дыяцэзіі. З апошняга – малітва “Ружанец для моладзі” ў катэдры.
– Якія сусветныя тэндэнцыі існуюць у семінарыях і якія з іх датычацца нашай гродзенскай семінарыі? Ці існуе замежны досвед, які б Вам хацелася пераняць?
– Я маю досвед некаторых іспанскіх семінарый, якія наведваў, пакуль вучыўся за мяжой. І мне вельмі падабаецца ідэя сацыяльнага служэння клерыкаў. Нашы семінарысты рэалізоўваюць яе праз дапамогу бедным.
Разам з тым, я меў магчымасць спазнаць універсальнасць Касцёла. І ў сваім служэнні лічу патрэбным дапамагчы нашым семінастырам усвядоміць прыгажосць Паўсюднага Касцёла, каб пры будаванні лакальнай каталіцкай супольнасці мы не зыходзілі выключна са свайго бачання рэчаіснасці. Вядома, важна захоўваць традыцыі продкаў, але, з іншага боку, мы таксама павінны кіраваць позірк на глабальны, усебаковы вопыт Касцёла і браць з яго найлепшае.

– У нямецкім каталіцкім асяроддзі нядаўна адбываліся глыбокія дыскусіі пра паняцце паклікання. Былі спробы пераасэнсаваць яго не толькі як прызыў Бога да чагосьці, а як працэс асабістага сталення і выбару чалавека, які адкрывае сябе перад Госпадам і супольнасцю. Што Вы думаеце на гэты конт?
– Пагаджуся з тым, што пакліканне да святарства не адбываецца ў адзін момант, але з’яўляецца працэсам, які часам доўжыцца на працягу ўсяго жыцця. Калі ты стаў святаром, гэта не азначае, што місія выканана. Гэта значыць, што працягваецца зразуменне, чым з’яўляецца тваё пакліканне і як сябе ў ім праяўляць.
Я веру, што адносна кожнага з нас у Бога ёсць канкрэтны план. Аднак калі чалавек не выбірае прапанаваны шлях, то Бог шануе яго волю. Мы не можам сказаць, што хлопец, які ў пэўны момант пайшоў за голасам паклікання, а пасля зразумеў, што гэта не яго шлях, памыліўся ці страціў час. Нават той перыяд, што юнак правёў у семінарыі, Бог хоча выкарыстаць для яго духоўнага ўзрастання і сталення.
У сённяшняй ролі я імкнуся паказваць семінарыстам, наколькі прыгожым з’яўляецца святарскае служэнне. І, прызнацца, гледзячы на тое, колькі прафесій прапануе сучасны свет, колькі магчымасцей рэалізацыі сябе як католіка прапануе Касцёл, я прыемна здзіўляюся, што маладыя людзі ўсё роўна ідуць за голасам паклікання і выбіраюць дарогу пастырскага служэння.
– А Вы заўсёды хацелі стаць святаром?
– У мяне таксама быў свой шлях адносін з Богам. Я перажываў пэўны крызіс, уласцівы падлеткам… А што тычыцца планаў, яны былі розныя.
Некалі я хацеў стаць шэф-поварам, адкрыць сваю піцэрыю – у той час гэта яшчэ не было настолькі распаўсюджаным. Пасля думаў пра тое, каб стаць трэвэл-блогерам. Быў перыяд, калі вельмі цікавіўся фатаграфіяй. Марыў і пра тое, каб стаць футбалістам.
Але Бог па-іншаму рэалізаваў гэтыя памкненні ў маім жыцці. Разам з камандай святароў я меў магчымасць удзельнічаць у Чэмпіянатах Еўропы па футболе сярод духавенства. Такім чынам, планы змяняліся амаль кожны год, ажно пакуль не прыняў рашэнне паступіць у семінарыю. Святарства стала тым выбарам, які цалкам паглынуў мяне як чалавека.
Нейкі час я служыў у гродзенскім пабернардынскім касцёле (Адшукання Святога Крыжа – заўв. аўт.), быў капеланам у гродзенскай турме. Сёння з’яўляюся душпастырам апостальскага руху “Маргарытка” ў нашай дыяцэзіі. Я прагну ажыццяўляць Божыя намеры адносна кожнага канкрэтнага чалавека, кожнай групы людзей. Для мяне рэалізацыя святарскага паклікання заключаецца ў тым, каб самому быць шчаслівым і дапамагчы іншым зразумець, што адзінае шчасце – гэта Бог.
– У апошнія два гады да семінарыйнай супольнасці далучаліся 10-11 новых кандыдатаў. У параўнанні з мінулымі наборамі, гэта неблагія лічбы. З чым звязваеце такі ўздым?
– Напэўна, гэта плён працы адказнага за справу пакліканняў – правядзенне розных акцый у семінарыі, калі юнакі могуць прыехаць і паглядзець, як жывуць клерыкі.
Гэта і малітва аб пакліканнях. Сёння вельмі шмат людзей моляцца ў інтэнцыі новых святароў, і няправільным будзе абясцэньваць заслугу вернікаў. Гэта і прыклад адданага служэння ксяндзоў з нашых парафій. Маладыя людзі бачаць іх шчырасць, ахвярнасць і, магчыма, адгукаюцца на голас паклікання, маюць больш адвагі, каб за ім пайсці.
Разам з тым, трэба памятаць, што пакліканне – гэта Божы дар. Сёння маем пэўную колькасць новых навучэнцаў, а колькі будзе ў наступным годзе – невядома. Мы ў семінарыйнай супольнасці, канешне, молімся аб тым, каб было як мага больш кандыдатаў. Касцёл патрабуе новых святароў, якія будуць адказна і верна выконваць сваю паслугу.
Ангеліна Марцішэўская
