
Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя – адзіная дзеючая ў Беларусі – размяшчаецца ў будынку былога кляштара айцоў бернардынаў, узведзенага ў XVII стагоддзі. Яе гісторыя бярэ пачатак у 1990 годзе.
Пачаткі
“Семінарыя пачала дзейнічаць у вельмі сціплых умовах, – узгадвае арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў утварэння духоўнай навучальнай установы. – Мы маглі карыстацца толькі маленькай часткай будынка, якую нам звольніла Судмедэкспертыза (з 1940 года ў будынку бернардынскага кляштара знаходзілася ўпраўленне судова-медыцынскай экспертызы – заўв. аўт.). У першыя месяцы семінарыя цярпела вялікія цяжкасці з побытавым укладам. Клерыкі жылі ў пакоях па некалькі чалавек. З іх абсталяваннем дапамаглі сёстры назарэтанкі. На хуткую руку з дапамогай шанштацкіх сясцёр уладкавалі капліцу на другім паверсе. Аўдыторый напачатку не трэба было шмат – хапіла адной. Не мелі кухні. У тым месцы, дзе яна цяпер размяшчаецца, была сталярня”.
З арганізацыяй харчавання было вельмі складана. На першых парах сёстры назарэтанкі гатавалі ежу ў памяшканні сучаснай капліцы. Потым клерыкі харчаваліся ў розных сталовых непадалёк семінарыі. “Нарэшце ўдалося дамовіцца са сталовай у Новым замку, куды хадзілі на сняданак і абед. Вячэру сёстры рыхтавалі на месцы”, – распавядае іерарх. У суботы і нядзелі, па ўспамінах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, клерыкі вырушалі з бідонамі за пасілкамі ў гасцініцу «Неман» на Савецкай плошчы”.
“Памятаю, як клерыкі і выкладчыкі два разы ў тыдзень ішлі калонай у Новы замак, наперадзе – крыж і Біблія. Гэта было нешта новае і незвычайнае ў тыя часы: каля 40 клерыкаў, не лічачы выкладчыкаў, маршыруюць па вуліцах горада. Людзі глядзяць і дзівяцца… Але гэта была сваеасаблівая евангелізацыя, якая, напэўна, паспрыяла духоўнаму адраджэнню ў грамадстве”, – дзеліцца іерарх.

Гістарычная падзея
У першым акадэмічным годзе ў семінарыю было залічана 37 кандыдатаў з розных куткоў былога СССР. Урачыстае адкрыццё духоўна-навучальнай установы адбылося 1 верасня 1990 года.
У дворыку былога кляштара ля палявога алтара была цэлебравана ўрачыстая Эўхарыстыя. На пачатку літургіі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, на той момант апостальскім адміністратарам католікаў у Беларусі, у прысутнасці вялікай колькасці людзей быў прачытаны дэкрэт аб утварэнні Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Іерарх аддаў духоўную навучальную ўстанову пад заступніцтва трох нябесных апекуноў – Найсвяцейшай Панны Марыі, Беззаганна Зачатай, св. Міхала Арханёла і св. Юды Тадэвуша, апостала.
Сведкамі гістарычнай падзеі сталі ганаровыя госці: арцыбіскуп Франчэска Коласуона, апостальскі нунцый з Масквы, біскуп Блажэй Крушыловіч, дэлегаваны
Апостальскай Сталіцай, а таксама адміністрацыя семінарыі, святары, манаскія асобы, першыя семінарысты, вернікі і прадстаўнікі дзяржаўных улад горада Гродна і Гродзенскай вобласці.
Альма-матэр двухсот святароў
17 чэрвеня 1995 года ўпершыню ў гісторыі семінарыі адбыліся пасвячэнні прэзбітэрату. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамант святарства двум кандыдатам, у ліку якіх быў Юзаф Станеўскі – цяперашні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (яшчэ сямёра былі пасвечаны ў дыяканы). У 2005 годзе выпускнік семінарыі быў прызначаны яе рэктарам і займаў гэтую пасаду да 2014 года.
У 2018 годзе Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне была рэарганізавана ў міждыяцэзіяльную. Тэрмін навучання павялічыўся з 6 да 7 гадоў. Праграма базуецца на ўсебаковай фармацыі кандыдатаў да святарства: чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай, душпастырскай.
За час існавання Альма-матэр выпусціла са сваіх сцен 226 святароў. Выпускнікі гродзенскай духоўнай навучальнай установы служаць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі.
Сёлета вучобу ў семінарыі распачалі 42 навучэнцы. На першы курс было залічана 11 новых кандыдатаў, сярод якіх 7 – з Гродзенскай дыяцэзіі, 2 – з Пінскай дыяцэзіі, 1 – з Віцебскай дыяцэзіі і 1 – з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Ангеліна Пакачайла
