
Чаканне нашых самых любімых свят можа быць розным. Асноўнае і найглыбейшае вымярэнне – гэта падрыхтоўка сэрца, каб яно было заўсёды адкрытым на Езуса Хрыста, які прыходзіць з любоўю.
Адвэнт у гэтым годзе распачынаецца ў Касцёле ў нядзелю 30 лістапада.
У падрыхтоўцы да свят Божага Нараджэння людзі не заўсёды засяроджваюцца на найважнейшым. Вельмі часта ўвага канцэнтруецца на набыцці падарункаў, падрыхтоўцы святочнага стала, планаванні візітаў да родных і сяброў. Знешняе (упрыгожаныя вуліцы, калядныя кірмашы, рэклама зніжак у гандлёвых цэнтрах) нярэдка прыцягвае больш, чым справы ўласнага духу і збаўлення.
Адвэнт азначае чаканне, разважанне, свайго роду супакаенне і выхад з паспешлівага рытму жыцця. У сучасныя часы гэтае вымярэнне пачало паступова знікаць. З-за набліжэння свят Божага Нараджэння і Новага года становіцца яшчэ больш мітусні, спешкі, вырашэння розных спраў. Адвэнт жа для нашага штодзённага жыцця павінен азначаць такі рытм, калі ўсё, што робім і плануем, бачыцца ў больш далёкай перспектыве. Для таго, каб паглядзець далей, трэба вызваліцца, часам на хвіліну спыніцца, акунуцца ў малітву.
Адвэнт распачынае новы літургічны, ці касцёльны, год і па сваёй структуры дзеліцца на дзве часткі. Першая звяртае ўвагу на хвалебнае прыйсце Хрыста ў апошнія часы, г. зв. Парусію; другая рыхтуе да перажывання таямніцы Уцелаўлення Бога.
Адвэнт запрашае чалавека адысці ад бегу жыцця. Гэта час зірнуць на сур’ёзныя і дробныя справы ў кантэксце надзеі, якая адкрывае прастору ў неба. Гэты перыяд – своеасаблівае ўпарадкаванне ўсіх пытанняў, мар, заняткаў, разнастайнай актыўнасці, каб Езус, які прыходзіць, мог без усялякіх бар’ераў дакрануцца да нашых сэрцаў.
Шмат людзей ідзе са свечкамі ў касцёл на раратнюю Імшу, якая звычайна цэлебруецца на світанні. Святло Адвэнту з’яўляецца вельмі красамоўным. З ім нельга бегчы, бо ў дарозе яно можа перастаць свяціць. Трэба ісці спакойна, сочачы за тым, каб не згасала полымя, што асвятляе змрок цёмнай раніцы, якую хутка зменіць дзень.
Да спакойнага малітоўнага позірку на жыццё нас заахвочвае таксама Маці Адвэнту – Найсвяцейшая Панна Марыя. У гэты час Яна ўшаноўваецца як Тая, хто чакае нараджэння Езуса. Маці Адвэнту – цяжарная, разважлівая, ідзе павольна, асцярожна. Гэта Брама даверу і заспакаення сэрца. Малітоўны супакой Адвэнту – чаканне, злучанае з адчуваннем надзеі і прыгажосці.
Давайце ж, спакойна крочачы шляхам Адвэнту, будзем старацца заўважыць яшчэ больш дабра і хараства. Няхай адвэнтавая надзея Марыі асвятляе нашы жыццёвыя сцежкі, каб сапраўды спазналі нешта лепшае, больш прыгожае і радаснае.
Кс. Юрый Марціновіч
