Skip to main content
Логотип

23 лістапада – каментарый да Евангелля на ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету (Лк 23, 35–43)

6 1 1 3

Распазнаць Караля

“А людзі стаялі і глядзелі” (Лк 23, 35a), – напісаў евангеліст Лука пра Крыжовы шлях Хрыста. І гэта, як аказалася, была самая пабожная тады форма ўдзелу ў агоніі Пана Езуса. Побач прысутнічалі п’яныя жаўнеры, якія ганебна дзялілі сціплае адзенне нявінна асуджанага. Здалёк здзекаваліся са свайго Збаўцы тыя, хто па сваёй пасадзе і ведах павінны былі б стаць на калені і маліць Бога змілавацца за тую справу, якую яны несправядліва дапусцілі.

Пілат тлумачыў сваёй жонцы, што палітыка, абставіны прывялі да таго, што ўжо нічога немагчыма зрабіць. Каяфа і Анна задавольваліся бачнасцю перамогі. Толькі жанчыны, якія плакалі, а таксама Ян, вучань Езуса, і Марыя, Яго Маці, што стаялі пад крыжам, давалі сведчанне аб нараджэнні новага Караля.

У гэтай мазаіцы разнастайных стаўленняў нямногія заўважылі першую ў гісторыі свету кананізацыю. Злачынец, павешаны з правага боку, ціха выказваў сваю веру ў Валадарства Хрыста. Калі прырода пачала аддаваць Яму пашану, сотнік голасна выкрыкваў праўду аб Божым сыноўстве Асуджанага. Потым была толькі цішыня і ўцёкі спалоханых: Валадар, паміраючы, перавярнуў неба і зямлю.

Злачынец бачыць з вельмі блізкай адлегласці крыж Езуса і распазнае ў ім трон, да якога прыбіты Кароль. Ён прамаўляе словы: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства” (Лк 23, 42). Нарэшце сярод кпінаў натоўпу Збаўца быў распазнаны.

Заканчваецца літургічны год, хутка распачнецца Адвэнт. Гэта таксама заахвочвае кожнага з нас да пэўнага разважання. Можна быць блізка да Хрыста, але не распазнаць Яго. Будзем жа памятаць, што “жыццё – час, калі мы шукаем Бога; смерць – час, калі знаходзім Бога; вечнасць – час, калі Бог ужо назаўсёды з намі” (св. Францішак Сальскі).

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду