Кожны год у канцы верасня ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць святых Міхала, Габрыэля і Рафала – адзіных арханёлаў, чые імёны занатаваны ў кананічных кнігах Святога Пісання. Гэта пасланцы, якіх Бог выкарыстоўвае, каб перадаць людзям якіясьці ўказанні, парады ці проста пакліканне ад Творцы. Хто ж на самой справе гэтыя таямнічыя істоты? Ці ўплываюць яны неяк на наша штодзённае жыццё?
Свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала адзначаецца ў Касцёле 29 верасня.
Aрханёлы займаюць важнае месца ў анёльскай іерархіі
Паводле традыцыі, анёлы дзеляцца на дзевяць г. зв. хораў ці груп. У адной з гамілій св. Грыгорый Вялікі іх пералічвае: “Аўтарытэт Святога Пісання пацвярджае існаванне дзевяці анёльскіх груп. Гэта анёлы, арханёлы, пачаткі, улады, моцы, панаванні, троны, херувімы і серафімы…” (Гамілія 34).
Арханёлы не маюць крылаў, цела ці зброі
Арханёлы – чыстыя, бесцялесныя духі (як Бог), надзеленыя інтэлектам і разумовымі здольнасцямі. Яны могуць уплываць на матэрыяльны свет: перамяшчаць прадметы ці прымаць чалавечы выгляд (хоць застаецца таямніцай, як канкрэтна гэта адбываецца). Агульнавядомы вобраз анёлаў з крыламі з’яўляецца сімвалічным: так людзям прасцей візуалізаваць іх нябесную прыроду.
Св. арханёл Міхал з’яўляецца апекуном Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Арханёлы ахоўваюць нас ад зла
Арханёлы змагаюцца з дэманамі, якія знішчаюць наш свет і нас саміх, аберагаючы чалавецтва ад іх шкоднага ўплыву. З духоўнай зброі адна з самых моцных – малітва да св. арханёла Міхала, які здолеў выгнаць з неба сатану і яго слуг.
Aрханёлы – пасланцы, у якіх ёсць канкрэтная місія
Пра св. арханёла Міхала вядома, што ён перадаў Божае натхненне св. Яну, які пісаў Кнігу Апакаліпсіса. Арханёл вядомы таксама як абаронца Касцёла ад усялякага зла.
Св. арханёл Габрыэль упершыню ўзгадваецца ў Кнізе Даніэля, дзе падтрымлівае прарока ў выкананні яго зямной місіі. Пазней арханёл аб’яўляецца Захарыі і Найсвяцейшай Панне Марыі, перадаючы Ёй пасланне аб нараджэнні Божага Сына.
Св. арханёл Рафал узгадваецца ў Кнізе Тобіі, дзе вызваляе Сару ад дэмана. Арханёл прымае аблічча чалавека, ведучы Тамаша і падтрымліваючы яго на шляху.
Арханёлы існуюць і сёння
Бог стварыў анёлаў бессмяротнымі духамі ў пачатку часоў, таму яны не перастануць існаваць у вечнасці. Мы можам не бачыць іх і не чуць, але іншым разам адчуваць іх прысутнасць. Большасць часу анёлы занятыя тым, што ахоўваюць людзей ад небяспекі, не даючы сябе заўважыць.
Бог не пакідае чалавека аднаго ў цяжкасцях жыцця, памочнікамі Ён дае сваіх анёлаў. Таму будзем жа давяраць Нябеснаму Айцу і старацца распазнаваць святых арханёлаў, пасланых да нас на дапамогу.
Кс. Юрый Марціновіч