Skip to main content
Логотип

Божы пасланнік і сябра чалавека

Ангел

Анёл – гэта чысты дух, якога Бог стварыў, каб быць бліжэй да чалавека. Як мы ўспрымаем анёлаў? Ці просім аб дапамозе свайго Ахоўніка, як рабілі гэта святыя?

Анёлы-ратавальнікі

Кс. Збігнеў Драгула CSMA, пробашч парафіі Старыя Васілішкі (Шчучынскі дэканат), узгадвае, як у сур’ёзнай аварыі, калі яго аўтамабіль перавярнуўся тройчы, ён выжыў і нават не пацярпеў. Гэта адбылося дзякуючы Божай апецы, як святар лічыць, аказанай праз анёлаў. “Адчуў і зразумеў тое ўжо па факце. Думаю, што маю вельмі добрага Анёла-ахоўніка (усміхаецца – заўв. аўт.)”, – распавядае ксёндз.

Святар належыць да Кангрэгацыі св. Міхала Арханёла (міхаліты), у харызму якой упісана адкрыццё і прапаведаванне ролі анёлаў у гісторыі збаўлення і жыцці веруючага чалавека. Шмат гадоў кс. Збігнеў носіць шкаплер св. Міхала Арханёла, штодня моліцца да анёлаў, часта звяртаецца да арханёлаў Габрыэля і Рафала.

Ксёндз даводзіць да сведчання, што існуюць разнастайныя малітвы да нябесных ахоўнікаў, сярод якіх навэнна і вяночак да хораў анёльскіх. Пры гэтым зазначае, што з анёлам важна размаўляць, звяртацца да яго, а не проста “прамаўляць пацеркі”: “Яны маюць місію ахоўваць нас. Калі ж папрасіць анёла аб чымсьці, то ён дапаможа”. Пры ўсім гэтым, анёла трэба шанаваць як Божага пасланніка.

Нябесныя апекуны

З біяграфіі св. айца Піо мы даведваемся, што Анёлы-ахоўнікі іншых людзей прадстаўлялі яму справы сваіх “падапечных”. А яго асабісты Апякун перакладаў а. Піо споведзі пэнітэнтаў, якія прыязджалі да святара з іншых краін.

Знакаміты святар з П’етрэльчыны таксама прасіў свайго анёла разбудзіць сабрата ў канкрэтны час альбо пасылаў нябеснага Апекуна да іншага чалавека. “Варта свядома аддаць сябе пад апеку ўласнага Анёла-ахоўніка і папрасіць яго аб дапамозе ў тым, што нас пераўзыходзіць і палохае, хоць бы гэта было так жа банальна, як абуджэнне. Не трэба баяцца пасылаць яго да тых, хто разлічвае на нашу дапамогу”, – пісаў а. Піо.

За дапамогай да анёлаў звяртаўся папа Ян Павел II, а папа Ян ХХІІІ нават меў спецыяльнае набажэнства. Аднойчы Пантыфік дзяліўся ў размове з канадскім біскупам, што сабраць Другі Ватыканскі сабор яго натхніў Анёл-ахоўнік у сне. Нябеснага Апекуна ён успрымаў як кагосьці канкрэтнага, як блізкага чалавека, які знаходзіцца з ім у адным пакоі.

Знак Божай любові

Крыніцай праўды аб існаванні анёлаў з’яўляецца Святое Пісанне, у якім шмат разоў сустракаем узгадкі пра гэтыя Божыя стварэнні. Яны, сярод іншага, перадаюць навіну ад Бога, дапамагаюць чалавеку ў канкрэтнай справе, выконваюць Божыя заданні.

Польскі філосаф і аўтар кнігі “Сакрэтнае жыццё анёлаў” Аляксандр Банька выказвае наступную думку: “Калі верыць хрысціянскаму багаслоўю, Бог стварыў свет анёлаў не для таго, каб аддзяліцца ад людзей, а для таго, каб паказаць нам, што ён можа прысутнічаць з намі рознымі спосабамі. Дзякуючы існаванню чыстых духаў

Бог хоча быць яшчэ больш даступным для нас”. Такім чынам, Бог пасылае анёлаў, клапоцячыся пра чалавека.

Анёл-ахоўнік трывае побач з намі ў кожную хвіліну жыцця. Ён можа натхняць на добрае, падтрымліваць у пастановах, суцяшаць і аберагаць падчас спакус. Па словах філосафа Банькі, “сяброўства з анёламі ніяк не прымяншае нашы адносіны з Богам, наадварот: яны з’яўляюцца напамінам і ўвасабленнем Божага Провіду, Божай блізкасці і Божай любові”.

Кацярына Паўлоўская