Skip to main content
Логотип

Хутка пайшоў на сустрэчу з Панам

woronecki porzeb 8

16 верасня ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат) адбылося пахаванне кс. Яна Варанецкага, які служыў пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах і неспадзявана адышоў у вечнасць ва ўзросце 34 гадоў.

У пахавальнай Імшы ўдзельнічалі іерархі Касцёла ў Беларусі, а таксама больш за сотню святароў з усіх дыяцэзій. На развітанні са спачылым прысутнічалі вернікі парафій, дзе служыў кс. Ян, манаскія сёстры, семінарысты, родныя і знаёмыя святара.

Як адзначыў у гаміліі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй,“жыццё кожнага чалавека – гэта дар і таямніца”. “Чалавек схільны думаць, што жыццё вартае тады, калі яно доўгае. Але ў Бога іншыя меры, – сказаў іерарх. – Св. Францішак Асізскі пражыў 44 гады, св. Тэрэза з Лізьё – 24, св. Карла Акуціс – 15. Нягледзячы на ўзрост, іх жыццё стала святлом для пакаленняў! Таксама і жыццё кс. Яна было кароткім, але поўным. Ён не шукаў славы, не будаваў кар’еры, але пакінуў пасля сябе сляды: у сэрцах людзей, якіх вучыў, якім служыў, за якіх маліўся, якіх любіў”.

Вернікі ашмянскай парафіі ўзгадваюць кс. Яна як святара, які быў вельмі просты і адкрыты на людзей. Ён знаходзіў агульную мову як са старэйшымі, так і з маладзейшымі. “Напачатку свайго служэння пробашч заўсёды казаў: «Дапамагайце мне», – дзеліцца Ганна Пешка. – Часам цікавіўся ў нас, ці так усё робіць. Быў чулы, нераўнадушны, такі блізкі… Яго вельмі любіла моладзь – і на байдаркі з ім, і на канькі. Такія цудоўныя «Канікулы з Богам» сёлета былі ў парафіі! Дзеці да яго вельмі цягнуліся. Амаль адразу ксёндз сабраў пад крыло літургічную службу алтара…”.

Па словах верніцы, святара адрозніваў унутраны спакой, разважлівасць, далікатнасць. “Дзякуем Богу, што хоць і ненадоўга, але паслаў да нас гэтага ксяндза.

Дзякуючы яму мы ўбачылі, што і такім можа быць святарства”, – з сумам заўважае жанчына.

Агулам кс. Ян праслужыў у Ашмянах 6 гадоў. Спачатку дыяканам, затым вікарыем, а пасля вярнуўся як пробашч. Папярэдні шматгадовы пробашч кс. канонік Ян Пузына вельмі ўдзячны маладому святару за гады яго паслугі: “Памятаю, як замяняў мяне на працягу пяці месяцаў, пакуль я моцна хварэў і быў у шпіталі”.

“З кс. Янам мы былі знаёмыя больш чым 20 гадоў, – гаворыць кс. Павел Скуба, куратар прапедэўтычнага курса ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. – Пазнаёміліся падчас міністранцкага летніка ў Дзярэчыне. Хутка знайшлі з ім супольную мову. Кс. Ян меў добрае пачуццё гумару, быў аптымістам. Пасля летніка мы бачыліся на рэкалекцыях распазнання паклікання ў гродзенскай семінарыі, потым ужо сустрэліся на першым курсе. Разам рыхтаваліся да экзаменаў, разам маліліся і праслаўлялі Бога”.

Як распавядае кс. Павел, аднакурснік ніколі не губляў аптымізму, нават у складаных сітуацыях. Ён меў халодную галаву і не паддаваўся эмоцыям. “Каб дапамагчы табе, адкладваў усе свае справы. Заўсёды выслухваў, даваў парады”, – адзначае святар.

Больш сцісла тады яшчэ семінарыстаў злучыў сакрамант святарства, які яны атрымалі разам 4 чэрвеня 2016 года з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча. “Кожны год віншавалі адзін аднаго. І хоць так атрымлівалася, што служылі святарамі ў розных месцах дыяцэзіі, заўсёды трымалі кантакт і маглі проста гадзіну размаўляць на многія тэмы, – дзеліцца кс. Павел. – Напэўна, кс. Яна мне будзе не хапаць... Але моцна веру, што аднойчы сустрэнемся ў доме Нябеснага Айца”.

Па словах біскупа Уладзіміра Гуляя, вера, у якой трываем, “вучыць нас бачыць у смерці не канец, а пераход”. Звяртаючыся на пахавальнай Імшы да бацькоў спачылага, іерарх заўважыў: “Вы не страцілі сына, вы перадаеце яго ў рукі Нябеснага Айца. Бог прыняў яго ахвяру святарскага жыцця. І сёння ваш боль злучаецца з болем Марыі, Маці Езуса, якая таксама стаяла пад крыжам свайго Сына. Але Марыя не страціла Сына, а сустрэла Яго ўваскрослым. І вы сустрэнеце свайго сына ў вечнасці… Памятайце, што сувязь з ім не перарываецца. Ён цяпер у доме Айца і адтуль будзе маліцца за вас, дапамагаць вам у штодзённым жыцці”.

Спачылага пахавалі ля мясцовага касцёла побач з магілай кс. каноніка Рышарда Якубца, які быў яго настаўнікам, шмат гадоў узначальваў мясцовую парафію і адышоў у вечнасць у маі мінулага года.

Кс. Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 года. Паходзіў з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 года ў Гродне. Служыў вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, а таксама гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Францішка Ксаверыя. У ліпені 2024 года быў прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. Адышоў у вечнасць 12 верасня.

Ангеліна Пакачайла